Showing posts with label Peter Bogdanovich. Show all posts
Showing posts with label Peter Bogdanovich. Show all posts

Wednesday, February 3, 2016

Кінадзённік: студзень 2016

All That Heaven Allows  / Усё, што дазволяць нябёсы (1955) рэж. Дуглас Сёрк

All That Heaven Allows (1955)
"Мастацтва складаецца з бунту і згоды адначасова." Гэтыя словы найлепшым чынам апісваюць меладраму Сёрка, бо хоць ён і крытыкуе буржуазную мараль, індустрыю забаваў (самы вусцішны момант – калі гераіня застаецца сам-насам з тэлевізарам, які так і не будзе ўключаны, але будзе пужаць сваім цёмным экранам), і сацыяльную няроўнасць, але прапанаваная альтэрнатыва - не ўласнае вынаходніцтва, ці, не дай божа, камуністычныя фантазіі, але старыя добрыя традыцыі Генры Дэвіда Тора. Ідэалізацыя сціплага жыцця ў еднасці прыродай – маргінальны, але таксама вельмі амерыканскі шлях, які не страчвае сваёй прывабнасці для многіх і цяпер (нядаўні прыклад у кіно – Into the Wild, 2007). Водгукі ж свядома штучнага і ўяўна ідылічнага жыцця правінцыйнага гарадка, якое Сёрк прадстаўляе як горшую з двух альтэрнатываў, можна знайсці ў Дэвіда Лінча. Часам здаецца немагчымым разабраць, сапраўды Сёрк падрывае каноны меладрамы (як вырашылі пасля марксісцкія і фемінісцкія крытыкі), ці настолькі па-майстэрску валодае ўсімі прыёмамі, што само дасканалае выкананне робіць іх чымсьці большым. Так ці інакш, але галоўнае ўва "Усё, што дазволяць нябёсы" – ён выклікае жывыя пачуцці, і дыдактычны эпізод з тэлевізарам – не ў меньшай ступені за рамантычныя калізіі. Фасбіндэр у адным са сваіх інтэрв'ю выказваўся пра Сёрка так: "Сёрк прыдаў мне мужнасці рабіць касавыя фільмы. Раней я думаў, што каб працаваць сур'ёзна, неабходна адыйсці ад гэтай галівудскай драматургіі."
Цікава яшчэ, што хоць па-мойму і відавочна, што калі Сёрк, гэты амерыканскі немец, і прапагандуе амерыканскі лад жыцця, дык менавіта яго маргінальную версію, але толькі я паглядзеў "Усё, што дазволяць нябёсы", як Аляксей Цюцькін у сваім палемічным артыкуле паспрабаваў давесці зваротнае. Глядзіце, чытайце і вырашайце самі.

Thursday, February 26, 2015

Мантажны эквівалент прагі смерці

«Ёсць прыёмы, якія Штраўбы ніколі не выкарыстоўваюць – якія нават, магчыма, з'яўляюцца адмаўленнем іх кінематографу – як накладанне (superimposition) ці наплыў (мантажны пераход, cross-fading). Кожны раз, калі адна выява накладаецца на другую (калі толькі адна выява не змяшчае ў сабе другую), кожны раз, калі адна выява пераходзіць у другую (калі толькі адна не з'яўляецца ўжо памяццю другой). Час накладання – гэта час актыўнай працы забывання: голас кажа нам: «вы забудзецесь, вы ўжо забыліся». Калі Серж Даней піша такім чынам пра фільмы Штраўба ды Юе, наўрад гэтыя словы тычацца любога накладання кадраў у любым фільме, але, канешне, справа не толькі ў незвычайных фантазіях Штраўбаў ці самога Данея.
Яскравы прыклад падобнай актыўнай працы па забыванні – накладанне ў фільме «Апошні кінасеанс» (The Last Picture Show, 1971) Пітэра Багданавіча. Фармальна гэта сінефільскі фільм (дарэчы, выдатны), прасякнуты настальгіяй па 50-ых, але крыніца асалоды тут – адчуванне мінучасці, а не самі падзеі ці ўспаміны пра іх. Стужка прасякнутая шчымлівым адчуваннем, але не пакідае ўражанне, што сапраўдны аб'ект замілавання  разлажэнне, энтрапія, непазбежнае забыванне. Гэта такая настальгія, якая не мае патрэбы ў пэўным аб'екце, якая існуе не ад прагі страчанага, а дзеля самой сябе. Кадры «Апошняга кінасеансу», нібыта, з'яўляюцца ўвасабленнем фрэйдзісцкай прагі смерці, вайны з самім сабой, і гэта асабліва цікава, бо фільм насычаны і сэксуальным напружаннем. Такім чынам, Багданавіч яднае ў сваім фільме Эрас (эстэтычную і сексуальную асалоду) і Танатас (асалоду ад забывання, знікнення і, па сутнасці, ад смерці), але пануе над усім менавіта Танатас. Зрэшты, ці не такім жа шляхам пайшоў сам Фрэйд, пра якога Бадрыяр піша«…Дуальнасць завяршаецца цыклам адной толькі прагі смерці. Эрас цяпер  не больш як кружны шлях, якім культура рухаецца да смерці, што ўсё падпарадкоўвае сваім мэтам».

The Last Picture Show, 1971