All That Heaven Allows / Усё, што дазволяць нябёсы (1955) рэж. Дуглас Сёрк
All That Heaven Allows (1955) |
"Мастацтва складаецца з бунту і згоды адначасова." Гэтыя словы найлепшым чынам апісваюць меладраму Сёрка, бо хоць ён і крытыкуе буржуазную мараль, індустрыю забаваў (самы вусцішны момант – калі гераіня застаецца сам-насам з тэлевізарам, які так і не будзе ўключаны, але будзе пужаць сваім цёмным экранам), і сацыяльную няроўнасць, але прапанаваная альтэрнатыва - не ўласнае вынаходніцтва, ці, не дай божа, камуністычныя фантазіі, але старыя добрыя традыцыі Генры Дэвіда Тора. Ідэалізацыя сціплага жыцця ў еднасці прыродай – маргінальны, але таксама вельмі амерыканскі шлях, які не страчвае сваёй прывабнасці для многіх і цяпер (нядаўні прыклад у кіно – Into the Wild, 2007). Водгукі ж свядома штучнага і ўяўна ідылічнага жыцця правінцыйнага гарадка, якое Сёрк прадстаўляе як горшую з двух альтэрнатываў, можна знайсці ў Дэвіда Лінча. Часам здаецца немагчымым разабраць, сапраўды Сёрк падрывае каноны меладрамы (як вырашылі пасля марксісцкія і фемінісцкія крытыкі), ці настолькі па-майстэрску валодае ўсімі прыёмамі, што само дасканалае выкананне робіць іх чымсьці большым. Так ці інакш, але галоўнае ўва "Усё, што дазволяць нябёсы" – ён выклікае жывыя пачуцці, і дыдактычны эпізод з тэлевізарам – не ў меньшай ступені за рамантычныя калізіі. Фасбіндэр у адным са сваіх інтэрв'ю выказваўся пра Сёрка так: "Сёрк прыдаў мне мужнасці рабіць касавыя фільмы. Раней я думаў, што каб працаваць сур'ёзна, неабходна адыйсці ад гэтай галівудскай драматургіі."
Цікава яшчэ, што хоць па-мойму і відавочна, што калі Сёрк, гэты амерыканскі немец, і прапагандуе амерыканскі лад жыцця, дык менавіта яго маргінальную версію, але толькі я паглядзеў "Усё, што дазволяць нябёсы", як Аляксей Цюцькін у сваім палемічным артыкуле паспрабаваў давесці зваротнае. Глядзіце, чытайце і вырашайце самі.
An Affair to Remember / Незабывальны раман (1957) рэж. Леа МакКеры
An Affair to Remember (1957) |
Яшчэ адна геніяльная меладрама, што не хоча ўпісвацца ў глядацкія чаканні і выносіць самае важнае за межы перыяду эйфарыі, якой так любяць заканчваць падобныя гісторыі (калі адзін з персанажаў пераадольвае перашкоды і ў фінале, на самым узлёце пачуццяў, уз'ядноўваецца са сваёй "палавінкай"). Магчыма, персанаж Нікі Ферантэ – самая тонкая роля Кэры Гранта, негледзячы на тое, што ягоны жывапіс у фільме – увасабленне самых мяшчанскіх уяўленняў пра мастацтва.
Miracle on 34th Street / Цуд на 34-й вуліцы (1947) рэж. Джордж Сітан
Miracle on 34th Street (1947) |
Калядная камедыя, што цудоўным чынам выяўляе механізм веры: маленькая дзяўчынка сядзіць на ложку, паўтараючы: "Я веру. Гэта глупства, але я веру...". Вера ў людзей прыраўноўваецца да веры ў цуды, а камерцыялізацыя называецца горшай з "ацыяў" толькі для таго, каб саступіць панегірыку сумленнай канкурэнцыі. Гэта як спалучэнне Айн Рэнд з нядзельнай казанню пратэстанцкага святара.
Blast of Silence / Выбух цішыні (1961) рэж. Ален Барон
Blast of Silence (1961) |
Фільмы, падзеі ў якіх адбываюцца ў калядны час, нярэдка сумныя, але святочны нуар – нечаканае адкрыццё. Самота, закадравы голас, джаз. "Ты ненавідзіш гарады, асабліва на Раство." І канешне, ужо з самага пачатку няма асаблівай надзеі на шчаслівы фінал.
Over the Garden Wall / Цераз плот (2014, мульт-серыял) рэж. Нік Крос, Патрык Макхейл, Нат Кэш
Over the Garden Wall (2014) |
Мультыплікацыйны цуд, што нагадвае адначасова Adventure Time і Міядзакі. Незразумела, чаму яшчэ не ўсе бачылі яго. Я вось ужо каторы тыдзень шчасліва напяваю Potatoes and Molasses, і зусім не шкадую, што неяк узяўся паглядзець гэтую хлуслівую, як усе казкі, гісторыю.
Capitalism: Child Labor / Капіталізм: дзіцячая праца (2006, к/м) рэж. Кен Джэйкабс
Аснова фільма – стэрэа-фатаграфія XIX ст., якую Джэйкабс "ажыўляе" з дапамогай лічбавых тэхналогій. Замест таго, каб упарта трымацца стужкі, ён агрэсіўна саштурхоўвае старое і новае, і нагадвае, што прастора і аб'ёмнасць – рэчы вельмі адносныя. Што да негуманнасці дзіцячай працы, Джэйкабс кажа: "Вашае сэрца баліць за дзяцей? Дзяцей выратуюць, і выратуюць іх босы. "Хлопцы, – скажуць яны, – Мы падрыхтавалі для вас вайну.""
She's Funny that Way / Яна забаўная такая, якая ёсць (2014) рэж. Пітэр Багданавіч
She's Funny that Way (2014) |
Бессаромна-сінефільская screwball-камедыя з фіналам, ад якога стала зусім радасна. Папярэднія камедыі Багданавіча (What's Up, Doc?, Nickelodeon) здаваліся мне нікчэмнымі, але выходзіць, альбо я быў не правы, альбо ён нарэшце пачаў добра жартаваць.
Cesarée / Кесарыя (1978, к/м) рэж. Маргерыт Дзюрас
Cesarée (1978) |
Узяць фільм можна тут, пачытаць пра яго - тут. Акрамя ўсіх магчымых інтэрпрэтацыяў, кароткаметражка Дзюрас папросту прыгожыя, пры гэтым здаровай прыгажосцю, а не хваравітай кічавасцю таго, што выдаюць за прыгожае многія рэжысёры.
The Strain / Штам (2014, 1 сезон) рэж. Гільерьма дэль Тора, Філ Абрахам ды інш.
The Strain (2014) |
Калі ў "Барвяным піку" дэль Тора бязбожна халтурыў, дык у сваім серыяле ён трымаецца на высокім узроўні амаль да апошняй серыі. Улада вампіраў у дэль Тора, як і ў класічных гісторыях, звязваецца з уладай капіталу (ён нават канкрэтызуе такую сувязь на выпадак, калі хтосьці раней не заўважаў гэтай тэндэнцыі); серыял не пазбягае штампаў, але даволі своеасабліва выбудоўвае з іх захапляльную карціну.
Baba Yaga / Баба Яга (1973) рэж. Карада Фарына
Baba Yaga (1973) |
Omoide no Mânî / Успаміны пра Марні (2014) рэж. Хірамаса Ёнэбаясі
Omoide no Mânî (2014) |
The Big Combo / Вялікі ансамбль (1955) рэж. Джозэф Х. Льюіс
The Big Combo (1955) |
The Sound of Music / Гукі музыкі (1965) рэж. Роберт Уайз
The Sound of Music (1965) |
The Giant Spider / Гіганцкі павук (2013) рэж. Крыстафер Р. Мім
The Giant Spider (2013) |
Blackstar (2015, муз. відэа) рэж. Bo Johan Renck
Lazarus (2016, муз. відэа) рэж. Bo Johan Renck
Take It There (2016, муз. відэа) рэж. Hiro Murai
Terry Prattchett’s Hogfather / Санта-Хракус (2006) рэж. Вадзім Жан
Папярэднія фільмы я параіў бы паглядзець кожнаму (так, нават Міма, вы не ведаеце, што губляеце), але гэты фільм – у першую чаргу аматарам Тэры Пратчэта і нетрывіяльных калядных фільмаў. Хоць я і не чытаў кнігі, але фільм выглядае на добрую экранізацыю, я быў цалкам задаволены
Ангелы революции / Анёлы рэвалюцыі (2014) рэж. Аляксей Федарчэнка
Неадназначны фільм з цікавай задумай, але моцную вобразнасць у бальшыні выпадкаў забівае тэлевізійна-стандартная карцінка. Зразумела, што большая ступень стылізаванасці, верагодна, патрабавала б грошай, але тэме больш пасавала б нават lo-fi эстэтыка.
Далей у выпадковым парадку – дрэнныя фільмы ці фільмы, якія маглі б быць добрымі, але не сталі.
Jessica Jones / Джэсіка Джонс (2015, 1 сезон) рэж. Сайман Селан Джоунс, Дэвід Петрарка ды інш.
Самая лепшая серыя першая, далей усё будзе горш, а ў канцы зусім дрэнна. Да таго ж, хоць звычайна я і люблю стылізацыі пад нуары, у гэтым выпадку скрыўленыя ракурсы і характэрнае асвятленне выглядалі зусім механічна, як рэалізацыя вучнёўскага практыкавання па "нуарным" выглядзе.
Bone Tomahawk / Касцяны тамагаўк (2015) рэж. С. Крэйг Залер
Фактычна, гэта тыя ж The Searchers Форда, толькі больш рэалістычныя, і вось акурат гэта і праблематычна, бо Залер трапляе ў звычайную пастку сучаснага ўяўлення аб "рэалістычным": персанажы адпавядаюць фордаўскім тыпажам, і стасункі іх такія самыя, а да рэальнасці фільм мусіць наблізіць толькі больш праўдападобнае адлюстраванне гвалту. Добра хіба толькі тое, што гвалт тут не зводзіцца да літраў "чырвонага", як у апошнім вестэрне Таранціна, а выкарыстоўваецца ашчадна і мусіць выклікаць жах і агіду.
A Religiosa Portuguesa / Партугальская манахіня (2009) рэж. Эжэн Грын
A Religiosa Portuguesa (2009) |
Адзіны фільм Грына, што мне не падабаецца, але назіраючы за тварам Леанор Бадак, даволі проста не заўважыць, як ён скончыцца.
Suffragette / Суфражыстка (2015) рэж. Сара Гаўрон
Suffragette (2015) |
Прафесійна зроблены фільм з добрымі акторамі, але на жаль, з'яўляецца яскравым ўзорам кансерватыўна знятага фільму пра рэвалюцыйны рух. Ён кранае пачуцці, але ўнікае галоўных праблемаў. Не раскрытыя ўсур'ёз ані тэмы хатняй бяспраўнасці, ані дылема гвалтоўнага/негвалтоўнага супраціву; класавы падзел у суфражысцкім руху нібыта адсутнічае, узаемадачыненні з прафсаюзным рухам цалкам засталіся за кадрам, а мужчыны паказаныя выключна цемрашаламі. Дакладней, аднаму з мужчынскіх персанажаў дасталася ўсё ж роля пасіўнага памочніка, але абсалютна не паказаныя ані супярэчлівасць негатыўнага стаўлення да жаночага выбарчага права многіх людзей, якіх у наш час памятаюць як прагрэсіўных прадстаўнікоў свайго часу, ані тое, што некаторыя ўсё ж актыўна падтрымлівалі суфражызм. Калі ж пра добрае, дык самае ўдалае ў фільме – даволі частыя планы лонданскіх вуліцаў з вывешанай бялізнай, якія проста і эканомна нагадваюць пра працу мноства жанчынаў, што не сталі персанажамі фільма.
Hotel Transilvania 2 / Атэль Трансільванія 2 (2015) рэж. Гендзі Тартакоўскі
Rise of the Guardians / З'яўленне захавальнікаў (2012) рэж. Пітэр Рэмзі
Не тое, каб гэтыя мультфільмы былі сапраўды дрэнныя, але яны сентыментальныя і анімацыя мне не даспадобы. Першы з іх да таго ж відавочна эксплуатуе персанажаў, прыдуманых у верагодна лепшай першай частцы.
Das Liebes-ABC / Азбука кахання (1916) рэж. Магнус Штыфцер
Das Liebes-ABC (1916) |
Нясмешная сэксісцкая камедыя цікавая хіба толькі тым, што тут зорка нямога кіно Аста Нільсан пераапранаецца ў мужчынскае адзенне.
The Lobster / Лобстэр (2015) рэж. Ёргас Ланцімас
Фільм, што больш за ўсё нагадвае старыя карыкатуры, дзе на дыскатэцы ўсе танчаць пад розную музыку, у навушніках. Нават не здзівіўся, калі там сапраўды аказалася ідэнтычная сцэна. Усе анекдоты Ланцімаса цікавей у пераказах ды рэцэнзіях, чым на самой справе.
Youth / Маладосць (2015) рэж. Паола Сарэнціна
"La grande belezza" Сарэнціна была вартая хаця б дзеля двух эпізодаў: калі Тоні Сервілла выпадкова сустракае Фані Ардан (маленькі, побытавы цуд), і калі адбываецца сапраўдны цуд з фламінга. Апошні моман быў нават смелы, бо зрабіць цудоўнае такім відавочна кічавым – не самае відавочнае рашэнне. Тады гэты эпізод падзейнічаў не ў апошнюю чаргу таму, што сам фільм быў больш стрыманы, у новым жа фільме кіч не пакідае экран ад першага да апошняга кадру, ён стаў сінанімічным прыгажосці і падмяніў яе. Сарэнціна адкрыта захапляецца жыццём багатых у той час, як усе жывыя пачуцці губляюцца ў шэрагу дарагіх інсталяцыяў.
Crimson Peak / Барвяны пік (2015) рэж. Гільерма дэль Тора
Нават здзіўляе, наколькі нястрашныя ў дэль Тора атрымаліся прывіды. Яны нагадваюць няўдалую спробу лічбава палепшыць эфект накладання кадраў, і здольныя напужаць толькі ў выпадках, калі нечакана выскокваюць з шафы. Сюжэт і персанажы адсутнічаюць.
Напрыканцы – добрая навіна. Адзін з самых цікавых леташніх беларускіх кінапраектаў, Хранатопь, пачаў з'яўляцца на Youtube. Прыемнага прагляду.
No comments:
Post a Comment