All That Heaven Allows / Усё, што дазволяць нябёсы (1955) рэж. Дуглас Сёрк
![]() |
All That Heaven Allows (1955) |
"Мастацтва складаецца з бунту і згоды адначасова." Гэтыя словы найлепшым чынам апісваюць меладраму Сёрка, бо хоць ён і крытыкуе буржуазную мараль, індустрыю забаваў (самы вусцішны момант – калі гераіня застаецца сам-насам з тэлевізарам, які так і не будзе ўключаны, але будзе пужаць сваім цёмным экранам), і сацыяльную няроўнасць, але прапанаваная альтэрнатыва - не ўласнае вынаходніцтва, ці, не дай божа, камуністычныя фантазіі, але старыя добрыя традыцыі Генры Дэвіда Тора. Ідэалізацыя сціплага жыцця ў еднасці прыродай – маргінальны, але таксама вельмі амерыканскі шлях, які не страчвае сваёй прывабнасці для многіх і цяпер (нядаўні прыклад у кіно – Into the Wild, 2007). Водгукі ж свядома штучнага і ўяўна ідылічнага жыцця правінцыйнага гарадка, якое Сёрк прадстаўляе як горшую з двух альтэрнатываў, можна знайсці ў Дэвіда Лінча. Часам здаецца немагчымым разабраць, сапраўды Сёрк падрывае каноны меладрамы (як вырашылі пасля марксісцкія і фемінісцкія крытыкі), ці настолькі па-майстэрску валодае ўсімі прыёмамі, што само дасканалае выкананне робіць іх чымсьці большым. Так ці інакш, але галоўнае ўва "Усё, што дазволяць нябёсы" – ён выклікае жывыя пачуцці, і дыдактычны эпізод з тэлевізарам – не ў меньшай ступені за рамантычныя калізіі. Фасбіндэр у адным са сваіх інтэрв'ю выказваўся пра Сёрка так: "Сёрк прыдаў мне мужнасці рабіць касавыя фільмы. Раней я думаў, што каб працаваць сур'ёзна, неабходна адыйсці ад гэтай галівудскай драматургіі."
Цікава яшчэ, што хоць па-мойму і відавочна, што калі Сёрк, гэты амерыканскі немец, і прапагандуе амерыканскі лад жыцця, дык менавіта яго маргінальную версію, але толькі я паглядзеў "Усё, што дазволяць нябёсы", як Аляксей Цюцькін у сваім палемічным артыкуле паспрабаваў давесці зваротнае. Глядзіце, чытайце і вырашайце самі.