Рэжысёр: Джон Кроўлі (John Crowley)
Сцэнарыст: Нік Хорнбі (Nick Hornby), па кнізе Колм Тойбін (Colm Tóibín)
Аператар: Іў Беланжэ (Yves Bélanger)
У ролях: Сірша Ронан (Saoirse Ronan), Донал Глісан (Domhnall Gleeson), Эмары Коэн (Emory Cohen), Джулі Ўолтэрс (Julie Walters)
Джон Кроўлі — малапрыкметны рэжысёр, і фільм "Бруклін" (Brooklyn, 2015) такі ж: ён не здзіўляе ані сюжэтам (дзяўчына з Ірландыі едзе ў Амерыку), ані формай (настальгічная касцюмная меладрама), ані акторскай ігрой (Сірша Ронан выдатная, але яна не будзе есці сырой пячонкі ці мерзнуць на марозе). І гэта ўсё толькі да лепшага.
Не бяда і што "сапраўднага" Брукліну ў фільме не ўбачыць: ён упрыгожаны, пазбаўлены лішняга бруду, падквечаны прыемнымі колеравымі фільтрамі. Нават у старых галівудскіх фільмах, якія таксама не грашылі рэалістычнасцю, рэальнае існуе хаця б у кантэксце, але ў выпадку фільма Кроўлі няма сэнсу шукаць узаемадачыненні з гістарычнымі рэаліямі, бо па сутнасці "Бруклін" адсылае не да гісторыі 50-х, а да кіно гэтага перыяду. Нават сам часавы адрэзак задаецца не тытрам ці адсылкай да гістарычных падзеяў, а ўзгадваннем фільма, што якраз ідзе ў кінатэатрах (цалкам натуральна, калі ўзгадаць, што паходы ў кіно былі аднымі з цэнтральных падзеяў сацыяльнага жыцця часу). Ды вось, падзеі "Брукліну" адбываюцца ў часы "Ціхага чалавеку" (The Quiet Man, 1952) Джона Форда. І менавіта з "жаночымі фільмамі" таго часу у "Брукліна" нашмат больш агульнага, чым з цяперашнімі меладрамамі. Гэта фільм з надзвычай простым сюжэтам (пасля ўзгаданай іміграцыі гераіню чакае неабходнасць выбару паміж двума мужчынамі, а таксама паміж роднай Ірландыяй і новым амерыканскім домам), зараз здымаць падобнае лічыцца амаль непрыстойным.
Дзякуючы акторам і далікатнай рэжысуры Кроўлі, які хоць і ўпрыгожвае, але ўсё ж не перабірае цукру, адзінай рэальнасцю фільма, акрамя яго сінефільскага вымярэння, становіцца эмацыйная рэальнасць. Вынясенне за дужкі рэальна-гістарычнага і адсутнасць спробаў актуалізаваць сюжэт (як, скажам, у апошняй экранізацыі Far From the Madding Crowd, ці ў вестэрне Slow West), прымушае прыгледзецца да эмоцыяў. І тут адбываецца самае цікавае ў фільме: гледачу не даецца доступ да думак галоўнай гераіні, ёй натуральна суперажываць, але поўнае атаясамленне наўрад магчымае, бо ў большасці выпадкаў захоўваецца пэўная дыстанцыя. Адрозненне "Брукліну" як ад старых, так і ад сучасных меладрамаў акурат у тым, што рэжысёр не дае падказак: не гучыць адметная музычная тэма, калі гераіня Ронан сустракае "таго самага" хлопца, не падказвае будучы выбар кампазіцыя кадру, выбраныя колеры ці акторская ігра.
Счытваецца толькі паверхня: твар, але не свядомасць. У гэтым сэнсе сінефільскае кіно нечакана прыводзіць нас бліжэй да штодзённага досведу, хоць і не звяртаецца да яго наўпрост. Канешне, частка гледачэй можа аддаць перавагу звычкам успрыняцця і запоўніць лакуны ўласным уяўленнем, але адметнае ўжо само імкненне да захавання адлегласці паміж гледачом і персанажам. Створаная адлегласць выкарыстоўваецца і для прыўнясення саспенсу: важная менавіта сітуацыя выбару, а не пераадоленне перашкодаў на шляху да мэты. Напрыканцы ў фільме ўсё ж гучыць голас Ронан-Лэйсі, якая нарэшце агучвае свае пачуцці, ці прынамсі нейкую іх частку, — тую, якую было б не сорамна распавесці дзецям. Па сутнасці, яе апошнія словы настолькі нагадваюць завяршэнні гісторый, створаныя адмыслова для аповедаў нашчадкам, што фільм, можна сказаць, так і застаецца на паверхні. Але ў павярхоўнасці няма нічога дрэннага нават калі гэта не плыткая паверхня Дэлёза, а паверхня прыгожага шклянога шара, яки проста не хочацца запэцкаць рукамі.
No comments:
Post a Comment