Набліжаецца
89-ы «Оскар», і зноў раздаецца
бурчанне: занадта шмат палітыкі, замала
мастацтва. Гэтым разам незадаволенасць
(больш у постсавецкіх краінах, чым у
саміх ЗША) пераважна звязаная з тым, што
ў конкурсе прадстаўлена адносна шмат
«афраамерыканскіх» стужак. Маўляў,
прыйшло засілле паліткарэктнасці, і на мастацтва забыліся. Чужая паліткарэктнасць наогул непакоіць даволі многіх
у нашай не
вельмі талерантнай
краіне.
Оскараўскія
фільмы традыцыйна прадстаўлялі вельмі
аднастайную Амерыку*, але нават пачалася
гісторыя прэміі зусім не з любові да
«чыстага мастацтва» (што б гэта ні было). Пачалося ўсё з дробязі: народжаны ў Мінску
Луіс Барт Маер** захацеў пабудаваць сабе
пляжны домік у Галівудзе. Замест таго, каб звяртацца
да архітэктараў ды будаўнічых кампаній,
Маер прыдумаў зэканоміць, даручыўшы
справу рабочым са сваёй студыі. Тры
змены рабочых мусілі працаваць без
перапынкаў. Гэта было лагічна. Які сэнс
мець уплыў і грошы, калі не можаш хутка
атрымаць тое, што хочаш? Праблема была
толькі ў тым, што кінастудыі акурат
мусілі падпісаць дамову з прафсаюзам
студыйных рабочых. То бок, плаціць за
працу давялося б напоўніцу. Маер знайшоў
выйсце: высокваліфікаваныя спецыялісты
знайшліся на студыі, а простых рабочых
узялі з вуліцы. Палац быў неўзабаве
пабудаваны, але легенда
кажа,
што менавіта тады прэзідэнт МГМ задумаўся
пра незайздросную будучыню, дзе акторы,
рэжысёры і сцэнарысты таксама створаць
уласныя аб'яднанні. Пенсія, страхаванне
здароўя, доля касавых збораў, – сапраўдная
рэвалюцыя, а Маер не для таго уцёк з
Расійскай імперыі, каб напаткаць бунт
на новым месцы. Так з'явілася задума
стварыць арганізацыю, што займалася б
вырашэннеў працоўных праблемаў, але не
была б незалежнай, як прафсаюз. Яшчэ
лепш, каб у дадатак такая арганізацыя
выконвала рэкламную функцыю і прадстаўляла
Галівуд як краіну мараў.
Менавіта з гэтымі мэтамі з'явілася на свет
Амерыканская акадэмія кінематаграфічных
мастацтваў і навук. Ідэя з прызамі
з'явілася крыху пазней, але ўжо 16 мая
1929 года прайшла першая цырымонія
ўзнагароджання. У рэшце рэшт, усё выйшла
не зусім паводле плану студыйных босаў:
у пачатку 30-х, на фоне эканамічнага
крызісу, прафсаюзы ўсё ж былі створаныя.
Такой была палітыка оскараўскіх кулуараў:
шчыльна звязаная з эканамічнымі разлікамі
і не для чужых вачэй. «Чорныя спісы»
існавалі, і не толькі ў часы макарцізму,
але ніхто не прызнаваў іх існавання.
Наўрад ці гэта настолькі непазнавальная
для нас сітуацыя, каб маляваць яе Залатым
векам. Калі хтосьці настальгіруе па
мінулых часах, дзе «Оскар», нібыта,
давалі за мастацкія вартасці, дык
хутчэй вядзецца не пра нейкае рэальнае
мінулае, а пра камфортнасць часу, калі
палітычнае можна было не заўважаць. Не
пра мінулае прэміі, а пра ўласнае мінулае.
І канешне ж, асабліва лёгка настальгіраваць
па часе, калі жанчыны, не-белыя ўсіх
гатункаў і розныя іншыя непажаданыя
элементы не высоўваліся, калі сам не
знаходзішся на іх месцы. Заставацца
па-за палітыкай – гэта прывілея, даступная
тым, хто знаходзіцца ў бяспецы. Магчыма, квоты на прадстаўленасць фільмаў рознага кшталту – не лепшае выйсце, але прынамсі цяпер абмеркаванне вядзецца адкрыта.
Іранічна, што нават на сёлетняй "занадта чорнай", як камусьці здаецца, цырымоніі найлепшы з намінантаў, «Месяцовае святло», хутчэй за ўсё прайграе настальгічнаму «Ла-ла-Лэнду», дзе белы музыкант спрабуе выратаваць джаз, а чорныя акторы існуюць толькі ў якасці статыстаў.
*Пра больш размаітую карціну Амерыкі ў кіно можна пачытаць тут і тут, асобна пра незалежнае афраамерыканскае кіно – тут.
**Звяртаючыся да гісторыі Маера, я пераважна абапіраюся на версію, якую распавядае амерыканскі гісторык кіно Дэвід
Томсан.
No comments:
Post a Comment