Monday, November 24, 2014

Біл "Bojangles" Робінсан (25 траўня 1878 – 25 лістапада 1949)

25-га лістапада 1949 г. памёр Біл "Баджанґлз" Робінсан, неверагодны танцор. Ён быў самым высокааплочваным афраамэрыканскім акторам свайго часу, але памёр без капейкі пры душы. Біл пасьпеў трапіць у турму, прыняць удзел у баявых дзеяньнях у Першую сусветную вайну і стаць зоркай. Праўда, у фільмах, што памятаюць, магчыма, толькі з-за яго танцаў, ён амаль ніколі не выконваў галоўную ролю. Нарэшце, яго дзень народзінаў стаў сьвятам. 25 траўня - Дзяржаўны дзень чачоткі ў ЗША. Існуе нават легенда, што аднойчы Біл Робінсан перамог у танцавальным спаборніцтве, дзе яго супернікамі былі Рэй Болджэр, Фрэд Астэр і Джэймс Марцін.

Робінсану была вядомая праўдзівасьць верша Лоўрэнса Данбара "Мы носім маску". Яго ўсьмешка хавала ня меньш, чым паказвала: самаадданыя трэніроўкі і дысцыпліну, дзякуючы якім той дасягнуў свайго ўмельства, і запальчывы з маленства характар. Пры нараджэньні яму было дадзенае імя Лютэр, але ў дзіцячай сварцы ён прыўласьціў братава імя Біл, і жыў зь ім пасьля ўсё жыцьцё. Сама яго мянушка Баджанґлз указвала на характар, бо яна паходзіць ад "jangler", што азначае "раскол, задзіра", як бы ні хавалі гэтае значэньне ад "белай" прэсы. Яго нораў толькі зрэдчас праяўляўся на сцэне, ў адказ на дурныя выкрыкі з залі, але ў штодзённым жыцьці быў нашмат відней. Актор, якога ў ґазэтах любілі называць "цёмная хмара радасьці", мог у стасунках з галівудзкімі рэжысэрамі і прадусарамі разьятрыцца да сапраўднага шторму. Звадлівая натура, звычка да азартных гулень, міжрасавая напружанасьць амэрыканскага жыцьця часта прыводзілі да сутычак роўна зь белымі і чорнымі. Яго цела было пакрытае снарамі ад брытваў і нажэй, куля, што перапала Робінсану ў 1898 годзе, так і засталася ў калене. Да часу посьпеху з Шырлі Тэмпл, ён займеў звычку насіць з сабой інкруставаны золатам і пярлінамі рэвальвэр 32-га калібру, дазвол на нашэньне зброі і лісты ад шматлікіх шэфаў паліцыі, уплывовых чыноўнікаў, - гэта было свайго кшталту пропускам у белую Амэрыку. Біл Робінсан удала трымаў гэтыя вымярэньні свайго жыцьця ў тайне ад большасьці фанатаў, тым больш ад белых. Зноў і зноў белыя кінакрытыкі ўхвалялі неўтаймавальна радаснага чалавека, што быў часткай "ад прыроды шчасьлівай расы".
Канешне ж, яны б зьдзівілісь, калі б убачылі выбух Робінсана на гульні нью-ёрксіх "янкі", якую ён наведаў ва ўзросьце за шэсьцьдзесят. Яго трэйцяя жонка, Элэйн, узгадвала: "Біл хацеў паспрачацца з кімсьці на сто даляраў, што нейкі гулец зробіць хоўм-ран. Гэты мажны [белы] дзядзька ў чорным крыкнуў: "Ды сядзь ты ўжо. Нам ня трэба твае брудныя грошы." Біл ня мог паверыць сваім вушам. Ён крыкнуў у адказ: "Брудныя грошы? Так, грошы мілай белай Шырлі Тэмпл. Бо я атрымаў грошы за тое, што навучыў яе танцаваць. Брудныя, паскудныя грошы!"
У рэшце рэшт, Робінсану выпала рэдкая магчымасць выказацца ў абарону правоў афраамэрыканцаў падчас асабістай сустрэчы з Рузвэльтам. У ролі Дзядзькі Білі ў "Маленькай бунтаўніцы" ён ня меў права сказаць штосьці Лінкальну, але зараз, твар да твару з прэзідэнтам, ён не ўпусьціў моманту. "Між іншым, містэр прэзідэнт, кажуць, у вас тут "Новы курс", - сказаў ён, несумненна зь нязьменнай усьмешкай, - Проста памятайце, містэр прэзідэнт, калі будзеце ператасоўваць карты, ня грэбуйце вінамі.Калі ў 1949 годзе Робінсан памёр, яго пахаваньне стала адным з самых вялікіх у гісторыі Нью-Ёрку. Больш за паўмільёна людзей запоўніла вуліцы на восем міляў, пакуль працэсія з накрытай сцягам труной павольна рухалася ад Абісінскай баптысцкай царквы ў Гарлеме праз Таймс-сквэр да могілак Эвэґрынз у Брукліне. На пахаваньні Адам Клэйтан Паўэл мал., царкоўны сьвятар і першы афраамэрыканскі канґрэсмэн зь Ню-Ёрку, прамаўляў так: "Біл быў падарункам ня толькі чорнай расе, але ўсім людзям. Ён быў містэр Шоў Бізнэс. Ён быў Брадвэем. І хто скажа, што рабіць людзей шчасьлівымі - не найлепшая праца ў сьвеце?"

(фраґмэнт з кнігі John F. Kasson, The Little Girl Who Fought the Great Depression, што зьмяшчае яшчэ даволі цікавага пра Біла Робінсана, Шырлі Тэмпл і ролю Галівуду ў сучаснай амэрыканскай культуры і эканоміцы)



Некаторыя з фільмаў Біла Робінсана на rutracker.org:

Маленькі палкоўнік / The Little Colonel (1935) рэж. Дэвід Батлер
Маленькая бунтаўніца / The Littlest Rebel (1935) рэж. Дэвід Батлер
За рагом вуліцы/ Just Around the Corner (1938) рэж. Ірвінґ Камінґс
Навальніца / Stormy weather (1943) рэж. Эндру Л. Стоўн



No comments:

Post a Comment