Пачалося ўсё з Far from the Madding Crowd (2015), неблагой спробы фемінісцкага пераасэнсавання класічнага раману Хардзі, дзе я быў чарговы раз зачараваны Кэры Маліган. Пакуль я чакаў яе чарговага фільму (Suffragette, 2015), паспрабаваў перагледзець некаторыя іншыя фільмы, прысвечаныя жаночаму актывізму (і паглядзеў некалькі новых). Сама "Суфражыстка" мяне ў выніку хутчэй расчаравала, затое нагода была добрая.
Суфражысцкі рух ужо даўно звязаны з кіно. Суфражысткі, напрыклад, былі аднымі з першых, хто выкарыстаў існаванне кінааператараў, каб засведчыць пра сябе і свае патрабаванні, таму хачу пачаць са смерці Эмілі Дэвісан, зафіксаванай на камеру невядомым аператарам Pathé. Па шчырасці, гэтае кароткае нашмат відэа важней за мастацкія фільмы, прысвечаныя руху за жаночае выбарчае права. Прынамсі, тыя мастацкія фільмы, што мне вядомыя.
Die Suffragette / Суфражыстка (1913, Urban Gad)
Кароткая гістарычная даведка: Прататыпамі гераіні і яе маці былі Крыстабель Панкхёрст і яе маці Эмеліна Панкхёрст, што ў 1903 годзе стварылі жаночы сацыяльны і палітычны хаўрус, які змагаўся за правы жанчын у Брытаніі.
Фільм зняты яшчэ да таго, як жанчыны набылі выбарчае права, таму не здзіўляе, што суфражысткі ў стужцы намаляваныя не ў лепшым святле (у стылі папулярных карыкатураў таго часу: "Я разбівала вокны, я дала аплявуху інспектару паліцыі, збіла яго капялюш, махала плёткай, спрабавала сцягнуць палісмена з каня, чаму ж мне не даюць права голасу?"). Тым не меньш, "Суфражыстка" — не бязглуздая прапаганда: фільм адначасова блізка падыходзіць да апісання рэальных падзеяў і нязменна скажае іх. Вельмі істотна ўжо тое, што галоўная гераіня (у выкананні зоркі Асты Нільсан) не самахоць прыходзіць да ўсведамлення неабходнасці змагання за жаночыя правы, а проста паддаецца ўплыву сваёй маці. Прычыны, што паштурхнулі жанчынаў змагацца за выбарчае права ўсур'ёз не раскрываюцца (напрыклад, маці прыводзіць Асту Нільсан у нейкую рабочую сям'ю, але ніякіх відавочных выпадкаў прыгнёту мы там не бачым). Вось карціна суфражыскага супраціву ў фільме: жанчыны немаведама чаму не задаволеныя і ідуць біць вітрыны (нават гэтая сцэна на ўсялякі выпадак выразаная цэнзурай). Далей галоўную гераіню прымусова (без асаблівага поспеху) кормяць падчас галадоўкі ў турме, а потым шкадуюць і выпускаюць. Насамрэч, канешне, прымусовае кармленне выглядала не так мілажальна, і хоць зняволеных па законе 1913 году сапраўды мусілі выпускаць, калі яны станавіліся занадта слабымі, але гэты закон не дарма называўся "Законам кошкі і мышкі", бо адразу ж пасля ўзнаўлення сілаў дазвалялася зноў затрымліваць таго ж самага чалавека. Падчас спробы тэрарыстычнага акту Нільсан разумее, што сапраўды каштоўныя не якіясьці эфемерныя правы, а каханне і сям'я. Яна закахалася менавіта ў таго палітыка, што быў адказны за цкаванне суфражыстак, але страла Амура добра засела ў яе сэрцы, і лозунгам там месца ўжо няма. Фільм, здаецца, імкнецца давесці гледачу, што не толькі няма ніякай прычыны мець усеагульнае выбарчае права, але жанчыны яшчэ і настолькі імпульсіўныя стварэнні, што не варта ставіцца да іх пераканнняў усур'ёз. Апошні тытр такі: "Рука, што гайдае калыску, кіруе светам". Так аўтары падсалоджваюць пігулку традыцыйнага Kinder, Küche, Kirche. Ідэя прымітыўная, але выкананне выдатнае: камічныя і драматычныя моманты удала размеркаваныя па сюжэце, сцэны з падкладзенай бомбай адзначаныя належным саспенсам. Верагодна, у свой час "Суфражыстка" успрымалася менавіта як добры ўзор антысуфражысцкага кіно (захапляльнае і пры гэтым даволі пераканаўчае), але цяпер у ім цікавей розныя дробязі, як момант, калі Аста Нільсан цалуе свайго кансерватыўнага міністра, і пры гэтым кампазіцыйна менавіта ён знаходзіцца ў традыцыйна жаночай пазіцыі (больш пасіўны і ніжэй размешчаны ў кадры). Пры ўсёй рэакцыйнасці, фільм адлюстроўвае, што гендэрныя ролі ўжо пачалі змяняцца. У 1919 г. жанчыны ў Германіі набудуць выбарчае права, Аста Нільсан жа, дарэчы, праз колькі гадоў паспяхова сыграе Гамлета.
Die Suffragette (1913)
Die Suffragette (1913)
Die Suffragette (1913)
Die Suffragette (1913)
Die Suffragette (1913)
Die Suffragette (1913)
Die Suffragette (1913)
Iron Jawed Angels / Анёлы з жалезнымі сківіцамі (2004, Katja von Garnier)
У "Анёлах..." гісторыя падмяняецца няўклюднымі чорна-белымі стылізацыямі пад старыя кадры, што склейваюцца MTV-шным мантажом пад сучасную музыку, якая больш пасавала б якому-небудзь моладзеваму серыялу. Навязлівая сучаснасць формы толькі падкрэслівае пры гэтым імкненне зрабіць жаночы актывізм часткай мінулага, якой ужо няма месца ў сучаснасці. Усе сур'ёзныя праблемы засталіся ў мінулым, і гледачу застаецца толькі захапляцца мужнасцю гераіняў ды радавацца іх канчатковай перамозе. Гэта адукацыйны фільм, які зусім не адукоўвае, але імкнецца выклікаць адчуванне задавальнення уласнымі гісторыяй і сучаснасцю. Галоўная праява жаночай эмансіпацыі, якую давядзецца ўбачыць, — гэта тое, што суфражысткі звяртаюць увагу на мужчынскія азадкі ды мастурбіруюць у ваннай. Прызнанне жаночай сэксуальнасці — істотны складнік эмансіпацыі ў цэлым, але скадваецца ўстойлівае ўражанне, што падобныя дэталі даўно ўжо ператварыліся ў клішэ. Яшчэ адзно сумніўнае рашэнне: відавочна, па меркаванні аўтараў толькі сэксуальна прывабныя жанчыны маюць права ўзняць голас у абарону сваіх правоў. Усе абраныя акторкі куды бліжэй да стандартаў прыгажосці за сваіх гістарычных прататыпаў, непрывабныя могуць хіба толькі займаць месца ў масоўцы. Наўрад ці мае сэнс фантазіраваць пра свядомае скажэнне гісторыі, але імкненне прывабіць маладую аўдыторыю любым коштам прывяло да амаль поўнай дэвальвацыі сэнсаў.
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Iron Jawed Angels (2004)
Made in Dagenham / Зроблена ў Дагенхэме (2010, Nigel Cole)
Гісторыя страйкавання жаночага цэху на фордаўскім заводзе ў Брытаніі ў 1968-ым годзе — удалы прыклад таго, што імкненне дагадзіць масаваму гледачу не абавязкова прыводзіць да банкруцтва тэмы. Найджэл Коўл таксама клапоціцца пра тое, каб не напужаць абывацеля і выклікаць у яго станоўчыя пачуцці, але задавальненне ў гэтым выпадку звернутае на самога гледача: маўляў, яны перамаглі, і ты зможаш таксама.
Norma Rae / Норма Рэй (1979, Martin Ritt)
Спачатку была не кінематаграфічная, а сапраўдная "Норма Рэй", яе звалі Крыстал Лі Сатан, і яна працавала на тэкстыльнай фабрыцы ў маленькім гарадку ў Паўночнай Караліне. Так сталася, што калі туды прыехаў прафсаюзны арганізатар, Крыстал стала галоўным прафсазным завадатарам на фабрыцы. У 1974-ым Крыстал звольнілі, але іншыя працоўныя на заводзе ўсё ж прагаласавалі за стварэнне прафсаюзу. Гісторыя мела пэўны розгалас і журналіст New York Times напісаў пра яе кнігу. Перамога, праўда, была няпоўная: уладальнік фабрыкі працягваў ухіляцца ад заключэння кантрактаў, а калі Крыстал вярнулася ў той самы гарадок ужо ў якасці прафсаюзнага арганізатара, супрацоўнікі фабрыкі сустрэлі яе варожа.
Усяго праз некалькі гадоў Марцін Рыт, адзін з самых прыкметных рэжысёраў з гэтак званых "чорных спісаў", створаных у Галівудзе падчас змагання з рэальнымі і ўяўнымі камуністамі, здымае фільм паводле кнігі пра Крыстал Лі Сатан. Крыстал незадволеная (занадта шмат экраннага часу рэжысёр аддае прамыванню бруднай бялізны, — яе небездакорнага прыватнага жыцця, і зусім незразумела, што стварэнне прафсаюзу было ў большай ступені плёнам супольных дзеянняў, а не вынікам учынкаў аднаго чалавека, рэжысёр беспадстаўна аскірзаецца ў адказ ("яна больш не вольная духам, як у маім фільме, а ператварылася ў буржуазную жанчыну"). Фільм мае касавы поспех і атрымлівае два Оскары (і яшчэ 6 намінацыяў). На хвалі папулярнасці "сапраўдная Норма Рэй" чарговы раз вяртаецца ў гарадок, з якога ўсё пачалося, і гэтым разам, у 1980-ым, кантракты нарэшце падпісаныя і прафсаюз можа паўнавартасна працаваць.
Крытыка Крыстал была цалкам апраўданая (мэйнстрымавае кіно наогул дрэнна дае рады адлюстраванню калектыўных дзеянняў), і ўсё ж фільм адметны многім. Галоўная заслуга Рыта ў тым, што ён пастараўся паказаць сваю гераіню рэалістычна: яна не прыемны ружовы анёлак, як "анёлы з жалезнымі сківіцамі", Норма Рэй не сыпле ненатуральнымі дасціпнымі заўвагамі, яе інтарэс да мужчынаў грубаваты і яна не вельмі пераборлівая. Марцін Рыт не імкнецца да ідэалізацыі працоўных масаў, і гэта яскрава кантрастуе нават з большасцю цяперашніх фільмаў. Пачынаецца фільм амаль радыкальна: з грохату машынаў на тэкстыльнай фабрыцы, які ледзь-ледзь здольныя перакрычаць людзі. У кінатэатрах гэта мусіла сапраўды ўражваць. Шум, які мы чуем, — не "індустрыяльная сімфонія", так гучыць адчужэнне, бо працоўныя на экране адчужаныя нават ад уласнага пачуцця слыху.
Галоўны колер ў фільме — мутнаваты жоўта-карычневы, дакладна не свята для вачэй, і ўсё ж толькі да лепшага, што аператар не кідаецца лавіць камерай сонечныя промні, каб падсаладзіць карцінку. Усё ж некаторыя кінематаграфісты разумеюць, што эстэтызмам можна і зашкодзіць. У рэшце рэшт, недахоп глядацкага камфорту Марцін Рыт выпраўляе меладраматызмам, з якім месцамі нават аж занадта захапляецца. Агулам жа, нягледзячы на недасканаласці стужкі, "Норма Рэй" — адзін з найбольш цікавых фільмаў пра жаночы актывізм, што мне ўзгадаліся, пры гэтым цікавы, магчыма, не столькі насуперак сваёй супярэчлівасці, а дзякучы ёй.
Die Geduld der Rosa Luxemburg / Роза Люксембург (1986, Margarethe von Trotta)
Фільму пра Розу Люксембург уласцівая тая ж праблема, што і большасці біяграфічных фільмаў: "некінематаграфічнае" адсякаецца дзеля больш простых для ўспрыняцця рамантычных лініяў ды драматычных жыццёвых здарэнняў. У рэшце рэшт, нават у савецкіх фільмах, прысвечаных Леніну, цяжка ўзгадаць хоць адзін, прысвечаны Леніну як тэарэтыку марксізму. Вось і ў гэтым выпадку відавочна, што Роза была харызматычнай асобай (добра перададзеныя нават уласцівыя ёй маньерызмы), але не зусім зразумела, у чым там заключалася яе палеміка з Бернштэйнам, дадзеная толькі пункцірна, у большай ступені праз прызму асабістых стасункаў. Можна падумаць, што Ян Тышка толькі і быў, што каханкам Розы, а не рэвалюцыйным дзеячам. Нават Клары Цэткін у гэтым сэнсе пашэнціла больш, хоць яна і з'яўляецца ўсяго ў некалькіх эпізодах. З другога боку, "Роза Люксембург" — варты ўвагі хаця б як фільм пра жыццё жанчыны, якая не лічыла, што яна павінна выбіраць паміж асабістым шчасцем і рэвалюцыяй, ды імкнулася і да таго, і да другога. Што да палітычных фільмаў, Маргарэтэ фон Трота зняла Die bleierne Zeit (1981), дзе прыватнае так пераплялося з палітычным, як мала ў каго яшчэ. Здаецца, менавіта гэтае імкненне характаразуе амаль усе фільмы фон Трота, і яно прымушае ўважлівей прыглядацца нават да тых, што нібыта з'яўляюцца традыцыйнымі біяграфіямі.
У якасці дадатку — яшчэ некалькі кароткіх старых фільмаў.
No comments:
Post a Comment