Год выдаўся напраўду ўдалы: адбыўся 4-ы фестываль
Cinema Perpetuum Mobile, і нават на святочны перыяд не спыняецца падрыхтоўка да наступнага. Конкурс нацыянальнага кіно на "Лістападзе" з'явіўся толькі летась, але ў гэтым годзе выклікаў ужо не толькі ветлівы інтарэс. Нават Bulbamovie упершыню прайшоў такі не толькі ў Польшчы. Цяпер можна з пэўнасцю казаць, што калі мы маем падставы спадзявацца на беларускае кіно, дык гэта наўрад ці звязана з рэанімацыяй Беларусьфільму, поўнаметражныя стужкі якога чарговы раз расчаравалі. Здавалася б, былі ўсе падставы турбавацца за лёс кінапракату, але і ён
ажывіўся, і многія выдатныя фільмы атрымалася паглядзець у кінатэатры.
|
Nie Yin niang (2015) |
Па шчырасці, мне спадабалася так шмат фільмаў, што я нават не буду пералічваць усе. Мінулы раз
безумоўным лідарам быў наватарскі фільм Гадара, які прадэманстраваў, што 3D можна паказваць не толькі велічныя краявіды, касмічныя караблі і эякуляцыю, гэтым жа разам - самы традыцыйны фільм Хоў Сяосяня,
Nie Yin niang / Забойца (2015). Кампазіцыю кадра, складаныя, але не герметычна зацемненыя перапляценні сюжэтных лініяў цяпер, здаецца, лепш не робіць ніхто. Фільм велічнай прыгажосці і непадробнага гуманізму. Я маю на ўвазе не тое, што савецкія савецкія крытыкі ў свой час да месца і не да месца клеймавалі "абстрактным гуманізмам" (добры ўзор - паскудная сёлетняя казка Beasts of No Nation), а такую ўвагу да персанажаў, што яны не губляюцца нават на фоне рэдкай прыгажосці краявідаў ды інтэр'ераў.