Saturday, January 24, 2015

Бёрдмэн (Birdman, 2014), альбо Няроўны палёт Ікара

Гісторыю Іньярыту можна параўнаць да гісторыі Ікара, а цяпер ён нават зьняў фільм пра Бёрдмана - чалавека-птушку ў адстаўцы. Шкада, што "Кінавідэапракат" ня ўлічвае такіх дэталяў і не паказвае гэты фільм у "Перамозе", дзе статуя Ікара ў фае кінатэатру адразу б стварала адпаведны настрой. Алехандра Гансалес Іньярыту - Ікар, бо пасьля першага фільму, зь якім ён памкнуўся ў няроўны, але захопліваючы палёт, далейшая яго кар'ера была падзеньнем. Гэта, канешне, не бясспрэчнае меркаваньне, іншы можа быць гатовы абараняць усе яго фільмы. Трэба адзначыць, што яго бюджэты павялічваліся з кожным фільмам, ад 2 да 42,2 млн $ (у Галівудзе гэта лічыцца прыкметай прафэсійнага росту). Былі і ўзнагароды, але ўвага кінакрытыкаў, хоць і празьмерна літасьцівых да Іньярыту, ўсё ж паступова менела.
Я бачу праблему ў тым, што на зьмену сырому і недасканаламу, але поўнаму жыцьця фільму Сука-любоў (2000), які быў трывала ўкарэнены ў родную рэжысэру мэксіканскую глебу, прыходзяць буржуазна-сур'ёзныя амэрыканскія фільмы. Іньярыту намагаецца закранаць тэмы сьмерці, веры, адчужэньня і некамунікабэльнасьці, але кожны раз пачынае і заканчвае сэнтымэнтальшчынай і банальнасьцямі. Напрыклад, у патасна-эпічным Бабілёне (2006) глядач мусіць амаль дзьве з паловай гадзіны назіраць за тым, што Антаніёні мог паказаць у адным эпізодзе і без такой канцэнтрацыі галівудзкіх зорак. Да таго ж, Іньярыту ўпарта зьвяртаецца да выкарыстаньня мультынаратываў, калі некалькі гісторый складваюцца ў адну цэльную карціну, але ў гэтым не набліжаецца ані да Робэрта Олтмэна, ані да Пола Томаса Андэрсана..
І ўсё ж у 2014 годзе імя Алехандра Гансалеса Іньярыту зноў на вуснах усіх кінакрытыкаў, яго фільм мае заслужаны посьпех у пракаце, нямала ўзнагародаў і дзевяць намінацыяў на "Оскар". Далёка ня ўсё напісанае далей пра гэты новы фільм - Бёрдмэн - будзе станоўчым, але хачу папярэдне адзначыць, што, нягледзячы ні на што, фільм Іньярыту нарэшце зноў варты ўвагі і таго, каб не спампаваць яго ў сеціве, а патраціць грошы на квіток у кінатэатр.

Monday, January 5, 2015

Кіно ў 2014-м. Суб'ектыўны погляд

У падсумаваньні вынікаў за год галоўнае не складаньне сьпісаў і нумарацыя, а спроба стварыць вобраз мінулага, захаваць яго сьляды. Мы звыклі структураваць уласныя ўспаміны паводле законаў клясычнага наратыву (пачатак, кульмінацыі, канец), таму ці не цікавей узгадаць не пражыты год зь яго "падзеямі", які мы ў працэсе ўзгадваньня ператворым у фільм уласнага жыцьця, але год, як ён быў убачаны ў кіно.