«Ёсць
прыёмы, якія Штраўбы ніколі не
выкарыстоўваюць – якія нават, магчыма,
з'яўляюцца адмаўленнем іх кінематографу
– як накладанне (superimposition) ці наплыў
(мантажны пераход, cross-fading). Кожны раз,
калі адна выява накладаецца на другую
(калі толькі адна выява не змяшчае ў
сабе другую), кожны раз, калі адна выява
пераходзіць у другую (калі толькі адна
не з'яўляецца ўжо памяццю другой). Час
накладання – гэта час актыўнай працы
забывання: голас кажа нам: «вы забудзецесь,
вы ўжо забыліся». Калі Серж Даней піша
такім чынам пра фільмы Штраўба ды Юе,
наўрад гэтыя словы тычацца любога
накладання кадраў у любым фільме, але,
канешне, справа не толькі ў незвычайных
фантазіях Штраўбаў ці самога Данея.
Яскравы прыклад падобнай актыўнай працы па забыванні – накладанне ў фільме «Апошні кінасеанс» (The Last Picture Show, 1971) Пітэра Багданавіча. Фармальна гэта сінефільскі фільм (дарэчы, выдатны), прасякнуты настальгіяй па 50-ых, але крыніца асалоды тут – адчуванне мінучасці, а не самі падзеі ці ўспаміны пра іх. Стужка прасякнутая шчымлівым адчуваннем, але не пакідае ўражанне, што сапраўдны аб'ект замілавання – разлажэнне, энтрапія, непазбежнае забыванне. Гэта такая настальгія, якая не мае патрэбы ў пэўным аб'екце, якая існуе не ад прагі страчанага, а дзеля самой сябе. Кадры «Апошняга кінасеансу», нібыта, з'яўляюцца ўвасабленнем фрэйдзісцкай прагі смерці, вайны з самім сабой, і гэта асабліва цікава, бо фільм насычаны і сэксуальным напружаннем. Такім чынам, Багданавіч яднае ў сваім фільме Эрас (эстэтычную і сексуальную асалоду) і Танатас (асалоду ад забывання, знікнення і, па сутнасці, ад смерці), але пануе над усім менавіта Танатас. Зрэшты, ці не такім жа шляхам пайшоў сам Фрэйд, пра якога Бадрыяр піша: «…Дуальнасць завяршаецца цыклам адной толькі прагі смерці. Эрас цяпер – не больш як кружны шлях, якім культура рухаецца да смерці, што ўсё падпарадкоўвае сваім мэтам».![]() |
| The Last Picture Show, 1971 |
