Showing posts with label Roman Polanski. Show all posts
Showing posts with label Roman Polanski. Show all posts

Monday, February 2, 2015

Repulsion Бэлы Тара. Фрагмэнты страчанага рымэйку

Усярэдзіне кожнага наратыўнага фільма ёсьць ненаратыўны фільм, што імкнецца прарвацца вонкі. Фільм дэталяў, прамежкаў, атмасфэры; неістотных падзей і штодзённай банальнасьці. Фільм неабавязковых паўтораў і непазьбежных экспазыцыйных кадраў. Фільм, дзе позірк глядзіць у пустэчу, а не накіроўвае драму; дзе жэсты і падзеі здараюцца дзеля саміх сябе, а не дзеля сымбалічнага ці сюжэтнага значэньня, што перадаецца празь іх. Фільм, дзе фон выходзіць наперад і становіцца першым плянам; дзе пакоі і прадметы нарэшце сапраўды становяцца (як гаворыцца ў паршывым рэцэнзійным клішэ) "паўнавартаснымі пэрсанажамі".
Фільм без інтрыгі. Ці, можа быць, зь мінімальнай філіграньню інтрыгі, магчыма адзіны вырашальны момант ці ўзрушаньне. У сваёй выдатнай і замала вядомай кнізе "Апрануць аголенае: практыкаваньні па ўяўленьні" (To Dress a Nude: Exercises in Imagination, 1998), Іўет Біро і Мары-Жэнеўеў Рыпо ставяць перад сваімі навучэнцамі-сцэнарыстамі такую задачу: стварыць самую нудную гісторыю ў сьвеце, аповед, дзе не здараецца зусім нічога. Студэнты хутка разумеюць, што разьвязаць задачу немагчыма: нават (ці асабліва) калі гісторыя ачышчаная ад выдуманых падзей [fiction], раптам здараецца штосьці неверагодна хвалюючае - гэта можа быць самая найдробная дробязь у сьвеце - і яно захоплівае і зацягвае ў абсягі саспэнсу і драмы.
Менавіта такіх фільмаў шукаюць у наш час. Яны не невядомыя ці неіснуючыя; яны нават фаміруюць цяпер цэлы багаты жанр: павольнае кіно. Гэты жанр [ці стыль, ці штосьці яшчэ] існаваў ужо даволі працяглы час, у той ці іншай ступені, з часоў Энды Ўорхала і Шанталь Акэрман, з раньняга Вэндэрса і Сахраба Сахіда Шалеса. Зараз яму прысьвечаюцца цэлыя фэстывалі, навучальныя дапаможнікі, у яго ёсьць свае майстры і гультаі, дасканалыя адкрыцьці і горы сьмецьця. Бэла Тар, Лісандра Алонса, Цай Мінг-Лян, Дзя Джанкэ, Лав Дыас...: мы ведаем сьпіс.
Але пакіньма пакуль што гэтую адмысловую прастору "сусьветнага кіно" [world cinema] (як яго называюць) і вернемся да кіно сьвету [the cinema of the world]: вялізнай колькасьці фільмаў, якія мы не клясыфікавалі б як павольнае кіно. Напрыклад, "Агіда" (Repulsion, 1965) Рамана Паляньскі: выразна наратыўны, цалкам псыхалягічны/суб'ектыўны фільм, віртуозна зроблены ад першага да апошняга кадру.
Аўдыявізуальныя эсэі дазваляюць нам сфарміраваць практыку, што звычайна называецца мысьліўным экспэрымэнтам. Гэта спэкулятыўны крытыцызм: давайце спраецыруем адзін фільм у другі, праз другі. Вельмі розныя фільмы, розных часоў і месцаў, з такімі выразна непадобнымі мэтамі. Ці можна разгледзець праз такі экспэрымэнт штосьці, што аб'ядноўвае іх: нешта, што жыве ў абодвух фільмах, адухаўляе іх, раскрывае іх? Штосьці глыбока ўкарэненае ў кінематографе, яго падмурак, што існаваў да таго, як разгалінаваньне жанраў, рынкаў, спосабаў стварэньня фільмаў пачалі дзейнічаць і накіравалі ўсе магчымасьці ў пэўнае рэчышча?
Такім чынам, паспрабуйце ўявіць нанова "Агіду" як фільм Бэлы Тара.