Showing posts with label Serge Daney. Show all posts
Showing posts with label Serge Daney. Show all posts

Thursday, February 26, 2015

Мантажны эквівалент прагі смерці

«Ёсць прыёмы, якія Штраўбы ніколі не выкарыстоўваюць – якія нават, магчыма, з'яўляюцца адмаўленнем іх кінематографу – як накладанне (superimposition) ці наплыў (мантажны пераход, cross-fading). Кожны раз, калі адна выява накладаецца на другую (калі толькі адна выява не змяшчае ў сабе другую), кожны раз, калі адна выява пераходзіць у другую (калі толькі адна не з'яўляецца ўжо памяццю другой). Час накладання – гэта час актыўнай працы забывання: голас кажа нам: «вы забудзецесь, вы ўжо забыліся». Калі Серж Даней піша такім чынам пра фільмы Штраўба ды Юе, наўрад гэтыя словы тычацца любога накладання кадраў у любым фільме, але, канешне, справа не толькі ў незвычайных фантазіях Штраўбаў ці самога Данея.
Яскравы прыклад падобнай актыўнай працы па забыванні – накладанне ў фільме «Апошні кінасеанс» (The Last Picture Show, 1971) Пітэра Багданавіча. Фармальна гэта сінефільскі фільм (дарэчы, выдатны), прасякнуты настальгіяй па 50-ых, але крыніца асалоды тут – адчуванне мінучасці, а не самі падзеі ці ўспаміны пра іх. Стужка прасякнутая шчымлівым адчуваннем, але не пакідае ўражанне, што сапраўдны аб'ект замілавання – разлажэнне, энтрапія, непазбежнае забыванне. Гэта такая настальгія, якая не мае патрэбы ў пэўным аб'екце, якая існуе не ад прагі страчанага, а дзеля самой сябе. Кадры «Апошняга кінасеансу», нібыта, з'яўляюцца ўвасабленнем фрэйдзісцкай прагі смерці, вайны з самім сабой, і гэта асабліва цікава, бо фільм насычаны і сэксуальным напружаннем. Такім чынам, Багданавіч яднае ў сваім фільме Эрас (эстэтычную і сексуальную асалоду) і Танатас (асалоду ад забывання, знікнення і, па сутнасці, ад смерці), але пануе над усім менавіта Танатас. Зрэшты, ці не такім жа шляхам пайшоў сам Фрэйд, пра якога Бадрыяр піша: «…Дуальнасць завяршаецца цыклам адной толькі прагі смерці. Эрас цяпер – не больш як кружны шлях, якім культура рухаецца да смерці, што ўсё падпарадкоўвае сваім мэтам».

The Last Picture Show, 1971

Saturday, February 14, 2015

Маральнасць успрымання (Пра «Ад аблокаў да супраціву» Штраўба-Юе)


Апошні штраўб-фільм складаецца з дзвюх частак: адна з іх міфалагічная, другая – сучасная, без якой-кольвечы відавочнай узаемасувязі. Частка «Воблака» («Nube») – шэсць з дваццаці сямі дыялогаў з Леўка («Dialoghi con Leuco»), напісаных Чэзарэ Павезэ ў 1947 годзе. Частка «Супраціў» («Resistenza») – выняткі з іншай кнігі Павезэ, «Месяц і вогнішча» («La luna e i falo»), надрукаванай у 1950 годзе, за некалькі месяцаў да яго самагубства. Гэтая апошняя частка не нечаканая: кожны штраўб-фільм – гэта даследаванне (археалагічнае, геалагічнае, этнаграфічнае, нават вайсковае) сітуацый, у якіх людзі чамусьці супрацьстаялі. На сцверджанне Ніцшэ, што нам вядомыя толькі тыя істоты, якія рэпрэзэнтуюць сябе, Штраўбы адказалі б: «з пэўнасцю існуе толькі той, хто змагаецца». Той, хто супрацьстаіць прыродзе, мове, часу, тэкстам, багам, Богу, начальству, нацыстам. Маці з бацькам. Менавіта таму план, першасны атам штраўбіянскага кіно, з'яўляецца плёнам, «reste» (астачай), ці дакладней «restance» (заставаннем)* траістага супраціву: тэксты супрацьстаяць целам, месцы супрацьстаяць тэкстам, целы супрацьстаяць месцам. Неабходна дадаць чацверты пункт: гледачы супраціўляюцца кадрам, «пабудаваным» такім чынам, гэта ўпарты супраціў кінагледачоў чаму-кольвечы няўлоўнаму, чамусьці, што не прызнае іх у якасці публікі.

Я не буду на гэтым спыняцца. Перш за ўсё таму, што цягам апошніх пятнаццаці гадоў мы ў Cahiers du Cinéma ужо шмат пра гэта пісалі. Але перадусім таму, што ўражвае ў італьянскіх «Незаміраных», якімі і ёсць «Ад аблокаў да супраціву», нешта іншае, а менавіта пачуццёвасць, смак да расповеду, радасць мовы, і нешта накшталт прагі растлумачыць, што «нягледзячы ні на што, мы мусім працягваць»; гэтая прага амаль змушае мяне сказаць, што фільм «Ад воблака да супраціву» змяшчае пэўныя элементы псіхааналізу, праведзенага Штраўбамі над самімі сабой. Нібыта пасля заканчэння габрэйскага трыпціху («Уступ у музычнае суправаджэнне адной кінасцэныАрнольда Шонберга», «Майсей і Аарон» і «Фарціні/Сабакі»), дзе Штраўб і Юе ўзбройваюцца азначальным «résistance» (супраціў) як абсалютам (бо, несумненна, быць габрэем азначае супрацьстаяць, і ў першую чаргу супрацьстаяць Кнізе), яны заглыбляюцца ў яго генеалогію. Супраціў – гэта пункт прызначэння гісторыі, што пачалася дзесьці яшчэ, раней, з аблокамі. Гэта гісторыя, што крочыць праз два тысячагоддзі, залучае людзей і багоў, а потым людзей і самае жахлівае (і самае сучаснае) з бостваў – Гісторыю? Калі пачаўся супраціў? Нашто змагацца? І з чым наогул ідзе змаганне?