Showing posts with label кінадзённік. Show all posts
Showing posts with label кінадзённік. Show all posts

Tuesday, March 8, 2016

Кінадзённік: жаночы актывізм у кіно

Пачалося ўсё з Far from the Madding Crowd (2015), неблагой спробы фемінісцкага пераасэнсавання класічнага раману Хардзі, дзе я быў чарговы раз зачараваны Кэры Маліган. Пакуль я чакаў яе чарговага фільму (Suffragette, 2015), паспрабаваў перагледзець некаторыя іншыя фільмы, прысвечаныя жаночаму актывізму (і паглядзеў некалькі новых). Сама "Суфражыстка" мяне ў выніку хутчэй расчаравала, затое нагода была добрая.


Wednesday, February 3, 2016

Кінадзённік: студзень 2016

All That Heaven Allows  / Усё, што дазволяць нябёсы (1955) рэж. Дуглас Сёрк

All That Heaven Allows (1955)
"Мастацтва складаецца з бунту і згоды адначасова." Гэтыя словы найлепшым чынам апісваюць меладраму Сёрка, бо хоць ён і крытыкуе буржуазную мараль, індустрыю забаваў (самы вусцішны момант – калі гераіня застаецца сам-насам з тэлевізарам, які так і не будзе ўключаны, але будзе пужаць сваім цёмным экранам), і сацыяльную няроўнасць, але прапанаваная альтэрнатыва - не ўласнае вынаходніцтва, ці, не дай божа, камуністычныя фантазіі, але старыя добрыя традыцыі Генры Дэвіда Тора. Ідэалізацыя сціплага жыцця ў еднасці прыродай – маргінальны, але таксама вельмі амерыканскі шлях, які не страчвае сваёй прывабнасці для многіх і цяпер (нядаўні прыклад у кіно – Into the Wild, 2007). Водгукі ж свядома штучнага і ўяўна ідылічнага жыцця правінцыйнага гарадка, якое Сёрк прадстаўляе як горшую з двух альтэрнатываў, можна знайсці ў Дэвіда Лінча. Часам здаецца немагчымым разабраць, сапраўды Сёрк падрывае каноны меладрамы (як вырашылі пасля марксісцкія і фемінісцкія крытыкі), ці настолькі па-майстэрску валодае ўсімі прыёмамі, што само дасканалае выкананне робіць іх чымсьці большым. Так ці інакш, але галоўнае ўва "Усё, што дазволяць нябёсы" – ён выклікае жывыя пачуцці, і дыдактычны эпізод з тэлевізарам – не ў меньшай ступені за рамантычныя калізіі. Фасбіндэр у адным са сваіх інтэрв'ю выказваўся пра Сёрка так: "Сёрк прыдаў мне мужнасці рабіць касавыя фільмы. Раней я думаў, што каб працаваць сур'ёзна, неабходна адыйсці ад гэтай галівудскай драматургіі."
Цікава яшчэ, што хоць па-мойму і відавочна, што калі Сёрк, гэты амерыканскі немец, і прапагандуе амерыканскі лад жыцця, дык менавіта яго маргінальную версію, але толькі я паглядзеў "Усё, што дазволяць нябёсы", як Аляксей Цюцькін у сваім палемічным артыкуле паспрабаваў давесці зваротнае. Глядзіце, чытайце і вырашайце самі.

Thursday, December 31, 2015

2015: It was a very good year.

Год выдаўся напраўду ўдалы: адбыўся 4-ы фестываль Cinema Perpetuum Mobile, і нават на святочны перыяд не спыняецца падрыхтоўка да наступнага. Конкурс нацыянальнага кіно на "Лістападзе" з'явіўся толькі летась, але ў гэтым годзе выклікаў ужо не толькі ветлівы інтарэс. Нават Bulbamovie упершыню прайшоў такі не толькі ў Польшчы. Цяпер можна з пэўнасцю казаць, што калі мы маем падставы спадзявацца на беларускае кіно, дык гэта наўрад ці звязана з рэанімацыяй Беларусьфільму, поўнаметражныя стужкі якога чарговы раз расчаравалі. Здавалася б, былі ўсе падставы турбавацца за лёс кінапракату, але і ён ажывіўся, і многія выдатныя фільмы атрымалася паглядзець у кінатэатры.

Nie Yin niang (2015)
Па шчырасці, мне спадабалася так шмат фільмаў, што я нават не буду пералічваць усе. Мінулы раз безумоўным лідарам быў наватарскі фільм Гадара, які прадэманстраваў, што 3D можна паказваць не толькі велічныя краявіды, касмічныя караблі і эякуляцыю, гэтым жа разам - самы традыцыйны фільм Хоў Сяосяня, Nie Yin niang / Забойца (2015). Кампазіцыю кадра, складаныя, але не герметычна зацемненыя перапляценні сюжэтных лініяў цяпер, здаецца, лепш не робіць ніхто. Фільм велічнай прыгажосці і непадробнага гуманізму. Я маю на ўвазе не тое, што савецкія савецкія крытыкі ў свой час да месца і не да месца клеймавалі "абстрактным гуманізмам" (добры ўзор - паскудная сёлетняя казка Beasts of No Nation), а такую ўвагу да персанажаў, што яны не губляюцца нават на фоне рэдкай прыгажосці краявідаў ды інтэр'ераў.