Showing posts with label настальгія. Show all posts
Showing posts with label настальгія. Show all posts

Thursday, February 26, 2015

Мантажны эквівалент прагі смерці

«Ёсць прыёмы, якія Штраўбы ніколі не выкарыстоўваюць – якія нават, магчыма, з'яўляюцца адмаўленнем іх кінематографу – як накладанне (superimposition) ці наплыў (мантажны пераход, cross-fading). Кожны раз, калі адна выява накладаецца на другую (калі толькі адна выява не змяшчае ў сабе другую), кожны раз, калі адна выява пераходзіць у другую (калі толькі адна не з'яўляецца ўжо памяццю другой). Час накладання – гэта час актыўнай працы забывання: голас кажа нам: «вы забудзецесь, вы ўжо забыліся». Калі Серж Даней піша такім чынам пра фільмы Штраўба ды Юе, наўрад гэтыя словы тычацца любога накладання кадраў у любым фільме, але, канешне, справа не толькі ў незвычайных фантазіях Штраўбаў ці самога Данея.
Яскравы прыклад падобнай актыўнай працы па забыванні – накладанне ў фільме «Апошні кінасеанс» (The Last Picture Show, 1971) Пітэра Багданавіча. Фармальна гэта сінефільскі фільм (дарэчы, выдатны), прасякнуты настальгіяй па 50-ых, але крыніца асалоды тут – адчуванне мінучасці, а не самі падзеі ці ўспаміны пра іх. Стужка прасякнутая шчымлівым адчуваннем, але не пакідае ўражанне, што сапраўдны аб'ект замілавання – разлажэнне, энтрапія, непазбежнае забыванне. Гэта такая настальгія, якая не мае патрэбы ў пэўным аб'екце, якая існуе не ад прагі страчанага, а дзеля самой сябе. Кадры «Апошняга кінасеансу», нібыта, з'яўляюцца ўвасабленнем фрэйдзісцкай прагі смерці, вайны з самім сабой, і гэта асабліва цікава, бо фільм насычаны і сэксуальным напружаннем. Такім чынам, Багданавіч яднае ў сваім фільме Эрас (эстэтычную і сексуальную асалоду) і Танатас (асалоду ад забывання, знікнення і, па сутнасці, ад смерці), але пануе над усім менавіта Танатас. Зрэшты, ці не такім жа шляхам пайшоў сам Фрэйд, пра якога Бадрыяр піша: «…Дуальнасць завяршаецца цыклам адной толькі прагі смерці. Эрас цяпер – не больш як кружны шлях, якім культура рухаецца да смерці, што ўсё падпарадкоўвае сваім мэтам».

The Last Picture Show, 1971

Tuesday, December 23, 2014

"Пала Альта" (Palo Alto, 2013). Страчаны Эдэм і фільмы пра сталеньне

Дзяцінства - гэта, ў пэўным сэнсе, страчаны Эдэм кожнага чалавека і нешта, што ўяўляецца амаль немагчымым перанесьці на экран. З гэтае самае прычыны звычайна мы маем фільмы для, але не пра дзецей. І ўсё ж дзяцінства, як усё незваротна страчанае, працягвае прывабліваць, і  адна з магчымасьцей наблізіцца да яго - зьняць фільм пра сталеньне (coming-of-age film). Падлеткавы ўзрост - час, калі бясьпечныя(?) межы дзяцінства размываюцца, яно паступова зьнікае і таму перастае быць непрыступным. Адсюль настальгічнае пачуцьцё ў такіх фільмах, бо тут мы маем справу з пачаткам таго разьвітаньня зь мінулым, што ў пэўным сэнсе працягваецца ўсё далейшае жыцьцё. Цікава, што ў амэрыканскім кінематографе гэты жанр стаў распаўсюджаны ў пасьляваенны пэрыяд, калі нават дзеці ўжо даўно былі актыўнымі спажыўцамі, але нягледзячы на ўлік жаданьняў гледачоў-падлеткаў (так, звычайна ў падлеткавых фільмах гучыць "моладзевая" музыка), іх жыцьцё заўсёды паказанае вачыма дарослага. Сэксуальнае сталеньне, напрыклад, часта паказанае ў гумарыстычным ключы, хоць самімі падлеткамі, як правіла, так не ўспрымаецца. Дарослай дыдактычнай пэрспэктывай тлумачыцца і акцэнт на важнасьці рознага кшталту рашэньняў для сталеньня і будучага жыцьця (пры гэтым адзін з варыянтаў звычайна маркіраваны як "дарослы" і слушны, а другі як нясьпелы і "дзіцячы").

Томас Коўл - Эдэмскі сад
Амаль любы фільм пра сталеньне - гэта фільм пра ўласнае сталеньне рэжысэра, і гэта таксама падмацоўвае настальгію. Нават савецкія ваенныя фільмы, калі іх пратаганістам зьяўляецца падлетак ("Іван Макаравіч", "Вянок санэтаў"), прасякнутыя гэтым пачуцьцём, хоць зразумела, што ў самой вайне няма нічога, што магло б выклікаць падобныя эмоцыі. Невыпадкова адзін з самых цяжкіх для ўспрыняцьця фільмаў пра вайну - "Ідзі і глядзі" Элема Клімава, дзе гэтае нявыказанае табу разбураецца.