Рэжысёр: Джон Кроўлі (John Crowley)
Сцэнарыст: Нік Хорнбі (Nick Hornby), па кнізе Колм Тойбін (Colm Tóibín)
Аператар: Іў Беланжэ (Yves Bélanger)
У ролях: Сірша Ронан (Saoirse Ronan), Донал Глісан (Domhnall Gleeson), Эмары Коэн (Emory Cohen), Джулі Ўолтэрс (Julie Walters)
Джон Кроўлі — малапрыкметны рэжысёр, і фільм "Бруклін" (Brooklyn, 2015) такі ж: ён не здзіўляе ані сюжэтам (дзяўчына з Ірландыі едзе ў Амерыку), ані формай (настальгічная касцюмная меладрама), ані акторскай ігрой (Сірша Ронан выдатная, але яна не будзе есці сырой пячонкі ці мерзнуць на марозе). І гэта ўсё толькі да лепшага.
Не бяда і што "сапраўднага" Брукліну ў фільме не ўбачыць: ён упрыгожаны, пазбаўлены лішняга бруду, падквечаны прыемнымі колеравымі фільтрамі. Нават у старых галівудскіх фільмах, якія таксама не грашылі рэалістычнасцю, рэальнае існуе хаця б у кантэксце, але ў выпадку фільма Кроўлі няма сэнсу шукаць узаемадачыненні з гістарычнымі рэаліямі, бо па сутнасці "Бруклін" адсылае не да гісторыі 50-х, а да кіно гэтага перыяду. Нават сам часавы адрэзак задаецца не тытрам ці адсылкай да гістарычных падзеяў, а ўзгадваннем фільма, што якраз ідзе ў кінатэатрах (цалкам натуральна, калі ўзгадаць, што паходы ў кіно былі аднымі з цэнтральных падзеяў сацыяльнага жыцця часу). Ды вось, падзеі "Брукліну" адбываюцца ў часы "Ціхага чалавеку" (The Quiet Man, 1952) Джона Форда. І менавіта з "жаночымі фільмамі" таго часу у "Брукліна" нашмат больш агульнага, чым з цяперашнімі меладрамамі. Гэта фільм з надзвычай простым сюжэтам (пасля ўзгаданай іміграцыі гераіню чакае неабходнасць выбару паміж двума мужчынамі, а таксама паміж роднай Ірландыяй і новым амерыканскім домам), зараз здымаць падобнае лічыцца амаль непрыстойным.