Дзяцінства - гэта, ў пэўным сэнсе, страчаны Эдэм кожнага чалавека і нешта, што ўяўляецца амаль немагчымым перанесьці на экран. З гэтае самае прычыны звычайна мы маем фільмы
для, але не
пра дзецей. І ўсё ж дзяцінства, як усё незваротна страчанае, працягвае прывабліваць, і адна з магчымасьцей наблізіцца да яго - зьняць фільм пра сталеньне (
coming-of-age film). Падлеткавы ўзрост - час, калі бясьпечныя(?) межы дзяцінства размываюцца, яно паступова зьнікае і таму перастае быць непрыступным. Адсюль настальгічнае пачуцьцё ў такіх фільмах, бо тут мы маем справу з пачаткам таго разьвітаньня зь мінулым, што ў пэўным сэнсе працягваецца ўсё далейшае жыцьцё. Цікава, што ў амэрыканскім кінематографе гэты жанр стаў распаўсюджаны ў пасьляваенны пэрыяд, калі нават дзеці ўжо даўно былі актыўнымі спажыўцамі, але нягледзячы на ўлік жаданьняў гледачоў-падлеткаў (так, звычайна ў падлеткавых фільмах гучыць "моладзевая" музыка), іх жыцьцё заўсёды паказанае вачыма дарослага. Сэксуальнае сталеньне, напрыклад, часта паказанае ў гумарыстычным ключы, хоць самімі падлеткамі, як правіла, так не ўспрымаецца. Дарослай дыдактычнай пэрспэктывай тлумачыцца і акцэнт на важнасьці рознага кшталту рашэньняў для сталеньня і будучага жыцьця (пры гэтым адзін з варыянтаў звычайна маркіраваны як "дарослы" і слушны, а другі як нясьпелы і "дзіцячы").
|
Томас Коўл - Эдэмскі сад |
Амаль любы фільм пра сталеньне - гэта фільм пра ўласнае сталеньне рэжысэра, і гэта таксама падмацоўвае настальгію. Нават савецкія ваенныя фільмы, калі іх пратаганістам зьяўляецца падлетак ("
Іван Макаравіч", "
Вянок санэтаў"), прасякнутыя гэтым пачуцьцём, хоць зразумела, што ў самой вайне няма нічога, што магло б выклікаць падобныя эмоцыі. Невыпадкова адзін з самых цяжкіх для ўспрыняцьця фільмаў пра вайну - "
Ідзі і глядзі" Элема Клімава, дзе гэтае нявыказанае табу разбураецца.