Tuesday, December 23, 2014

"Пала Альта" (Palo Alto, 2013). Страчаны Эдэм і фільмы пра сталеньне

Дзяцінства - гэта, ў пэўным сэнсе, страчаны Эдэм кожнага чалавека і нешта, што ўяўляецца амаль немагчымым перанесьці на экран. З гэтае самае прычыны звычайна мы маем фільмы для, але не пра дзецей. І ўсё ж дзяцінства, як усё незваротна страчанае, працягвае прывабліваць, і  адна з магчымасьцей наблізіцца да яго - зьняць фільм пра сталеньне (coming-of-age film). Падлеткавы ўзрост - час, калі бясьпечныя(?) межы дзяцінства размываюцца, яно паступова зьнікае і таму перастае быць непрыступным. Адсюль настальгічнае пачуцьцё ў такіх фільмах, бо тут мы маем справу з пачаткам таго разьвітаньня зь мінулым, што ў пэўным сэнсе працягваецца ўсё далейшае жыцьцё. Цікава, што ў амэрыканскім кінематографе гэты жанр стаў распаўсюджаны ў пасьляваенны пэрыяд, калі нават дзеці ўжо даўно былі актыўнымі спажыўцамі, але нягледзячы на ўлік жаданьняў гледачоў-падлеткаў (так, звычайна ў падлеткавых фільмах гучыць "моладзевая" музыка), іх жыцьцё заўсёды паказанае вачыма дарослага. Сэксуальнае сталеньне, напрыклад, часта паказанае ў гумарыстычным ключы, хоць самімі падлеткамі, як правіла, так не ўспрымаецца. Дарослай дыдактычнай пэрспэктывай тлумачыцца і акцэнт на важнасьці рознага кшталту рашэньняў для сталеньня і будучага жыцьця (пры гэтым адзін з варыянтаў звычайна маркіраваны як "дарослы" і слушны, а другі як нясьпелы і "дзіцячы").

Томас Коўл - Эдэмскі сад
Амаль любы фільм пра сталеньне - гэта фільм пра ўласнае сталеньне рэжысэра, і гэта таксама падмацоўвае настальгію. Нават савецкія ваенныя фільмы, калі іх пратаганістам зьяўляецца падлетак ("Іван Макаравіч", "Вянок санэтаў"), прасякнутыя гэтым пачуцьцём, хоць зразумела, што ў самой вайне няма нічога, што магло б выклікаць падобныя эмоцыі. Невыпадкова адзін з самых цяжкіх для ўспрыняцьця фільмаў пра вайну - "Ідзі і глядзі" Элема Клімава, дзе гэтае нявыказанае табу разбураецца.
Самы важны (ці самы пераацэнены) фільм гэтага году - "Хлапецтва" - якраз зьяўляецца незвычайным праектам, які мусіў зафіксаваць сталеньне аднаго чалавека цягам дванаццаці гадоў. Яго значнасьць засьціла ў вачох кінакрытыкаў іншы выдатны фільм пра падлеткаў - "Пала Альта", камэрную стужку, ціха і без асаблівых прэтэнзіяў зьнятую Джыа Копала, пляменьніцай Сафіі Копала. Гэтая кінематаграфічная сям'я ўжо спрычынілася да стварэньня двух уплывовых падлеткавых фільмаў: Фрэнсіс Форд Копала быў прадусарам "Амэрыканскіх графіці", а яго дачка Сафія прыйшла ў кіно з фільмам "Цнатлівыя самагубцы". Сама Джыа Копала называе ў якасьці крыніцы натхненьня падлеткавыя фільмы 80-ых, але параўноўваць яе дэбют непазьбежна будуць менавіта з "Цнатлівымі самагубцамі". Акрамя сваяцтва рэжысэраў фільмы збліжае выразная стылізаванасьць, часам ужываюцца і падобныя каляровыя фільтры.
"Цнатлівыя самагубцы" (1999) і "Паола Альта" (2013)
Пяшчотныя мяккія колеры наогул уласьцівыя падлеткавым фільмам (можна ўзгадаць хаця б "Пікнік ля Вісячай скалы") і яны зьяўляюцца адным са спосабаў перадаць сум па страчаным часе. Другі спосаб - перанесьці гісторыю сталеньня на пэўны час у мінулае, каб яна адбывалася тады, калі рос рэжысэр ці нават яшчэ раней ("Пікнік ля Вісячай скалы", "Амаль знакаміты", "Цнатлівыя самагубцы"). Джыа Копала ня робіць такога відавочнага кроку: падлеткі на экране выразна сучасныя. Праўда, яны маюць схільнасьць слухаць не папулярную моладзевую музыку, а тую, што падабаецца Джыа (выдатны саўндтрэк), выбіраць рэтра-аўтамабілі, і даволі рэдка карыстаюцца сучаснымі ґаджэтамі. Гэта магло б нават выглядаць фальшыва, каб не непадробныя пачуцьці пэрсанажаў. Усе яны зусім звычайныя хлопцы й дзяўчаты, што гуляюцца ў дарослыя гульні (сэкс, алькаголь, наркотыкі).
- Калі б ты апынуўся ў старадаўніх часох,.. кім бы ты быў?
- Я б быў каралём.
- Не, халеру табе, а не караля. Бо ў тых мясьцінах каралём буду я!
Канешне, ніхто зь іх ня стаў бы каралём, хіба толькі непрыкметным каралём непрыкметнага каралеўства. Яны сапраўды шараговыя старшаклясьнікі. Але ж яны не тыпажныя школьнікі, якіх мы звычайна бачым у галівудзкіх падлеткавых фільмах (яскравы ўзор - "Клюб "Сьняданак""). Рэжысэр не навязвае ім мадэлі паводзінаў, не патрабуе ад іх прыняцьця правільных рашэньняў ("Суполка мёртвых паэтаў") і нават не намагаецца структураваць іх жыцьцё вакол нейкай значнай падзеі ("Пікнік ля Вісячай скалы", "Цнатлівыя самагубцы"). Плынь жыцьця ў фільме не падзяляецца на адрэзкі лёсавызначальнымі здарэньнямі, яна проста рухаецца ў няпэўным накірунку, але рэжысэр неабыякавая і да простых штодзённых крыўдаў, дасягненьняў і расчараваньняў у жыцьці сваіх пэрсанажаў. Яна дзіўным чынам адначасова заглыбляе наратыў ва ўласную настальгію і дае права на самастойнае (наколькі гэта магчыма ў кіно) існаваньне падлеткам у кадры. Магчыма, гэта адзіны спосаб увесьці падлеткаў у сюжэт як паўнавартасных суб'ектаў, бо са зваротнага боку мы маем прыклад "Слана" Гаса Ван Сэнта, дзе рэжысэр пазьбягае настальгічнасьці, але і прадстаўляе падлеткаў неспазнавальнымі аб'ектамі, што валодаюць толькі зьнешнімі прыкметамі чалавечага жыцьця.
У фільме ж Джыа Копала, нягледзячы на рэтра-адценьне, мы бачым сапраўдных сучасных падлеткаў. Падчас гульні "я ніколі не..." адна зь дзяўчат кажа, што ніколі не кахала. Так і ёсьць, ім прасьцей абмяркоўваць аральны сэкс, чым прызнацца каму-кольвечы ў каханьні. Тым ня меньш, гэта вельмі рамантычны фільм: дзеці ня бачаць ідэалаў вакол сябе, але гэта значная адсутнасьць, гэта пустэча, якую яны прагнуць запоўніць. Якраз таму гэтыя падлеткі лёгка могуць стаць здабычай дарослых, што ўжо навучыліся маніпуляваць словамі і пачуцьцямі. Дарослыя ў фільме наогул прадстаўленыя вельмі непрывабна, і ў гэтым яшчэ адно адрозьненьне ад традыцыйных падлеткавых фільмаў. Дзеці ж пазбаўленыя кіраўніцтва мудрых дарослых і згубленыя ў сьвеце, як пэрсанажы Джэймса Дына. Праўда, розьніца ў тым, што Джэймс Дын быў узьведзены на пастамент як герой пакаленьня, а Эйпрыл, Тэдзі, Фрэд ды іншыя ня толькі не каралі, але й не героі пакаленьня. І тым ня меньш, пяшчотны ненавязьлівы позірк камэры рухаецца за імі так, што цяжка застацца абыякавым. Няма ані маралізатарства, ані якойсьці незвычайнай гісторыі, затое ёсьць жыцьцё, кіно і свабода не расстаўляць прыярытэты.

No comments:

Post a Comment