Monday, April 16, 2018

Небяспека нацыянальнай «сутнасці»

Наступныя радкі – пераклад уступных абзацаў артыкула «Англійскасць англійскай паэзіі» (Denis Donoghue у выданні The Sheila Carmel lectures, 1994-2004). Яны прысвечаныя небяспецы эсэнцыялізму і не раз узгадваліся мне ў шматлікіх і як правіла марных спробах вызначыць, што ж такое нацыянальнае беларускае кіно, і яшчэ часцей – калі нехта ўдае, нібы знайшоў адказ і вучыць сваёй мудрасці ўсіх іншых. Сціпласць ірландскага літаратурнага крытыка здаецца мне вельмі карыснай і дарэчнай. 

Няўлоўнасць нацыянальнага на фота Андрэя Лянкевіча


Я хацеў бы паразважаць пра некалькі кніжак, але перад тым нядрэнна было б пазбавіцца адной цяжкасці і небяспекі. Хіба не прыйшоў ужо даўно час кінуць размовы пра англійскасць англійскай паэзіі, ірландскасць Данегола, ці амерыканскасць «Лісця травы» і габрэйскасць Апельфельда? Хіба не такія размовы прыводзяць людзей у шал і схіляюць да забойстваў? Нашто імкнуцца размежаваць розныя якасці, каштоўнасці і называць іх англійскімі, амерыканскімі ці габрэйскімі? Хіба не смяротна небяспечна працягваць бясконцыя спрэчкі пра нацыянальную, расавую ці рэлігійную ідэнтычнасць? Такія размовы не мелі б асаблівага значэння, каб некаторыя людзі пасля не імкнуліся так апантана адпавядаць створаным апісанням. Ідэі маюць наступствы, а наступствы вобразаў яшчэ цяжэйшыя.

Сапраўды небяспечна вылучаць пэўныя якасці і прадстаўляць іх як нязменныя, нібыта яны сведчаць пра нацыянальную ці расавую сутнасць. Небяспека складаецца ў прыпісванні гэтых якасцяў абстрактнаму назоўніку (у нашым выпадку – англійскасць). Але памылка нават не ў азначэнні гэтых якасцяў, а ў тым, каб лічыць, што яны самаадвольна нарадзіліся з нейкай пазачаснай англійскай сутнасці. Я не бачу ніякай шкоды ў азначэннях, калі толькі яны прадстаўленыя залежнымі ад абставінаў ці гістарычнымі. Няма ніякай ірландскасці; але існуюць якасці і дамінанты, згодныя з гістарычным досведам падзеяў, што адбываліся ў Ірландыі. Ірландская гісторыя – гэта пэўны гістарычны наратыў, альбо абмежаваная колькасць спаборных наратываў. Пакуль я засцерагаюся ператвараць адзін з іх у адпаведную «сутнасць», нібыта яна лунае ў паветры, свабодная ад гістарычнай абумоўленасці, я знаходжуся ў адноснай бяспецы. Тое ж і з англійскасцю англійскай паэзіі. Калі я магу ўказаць на пэўныя ўласцівасці англійскай паэзіі і патлумачыць гістарычныя ўмовы, якія прывялі да іх узнікнення, мае разважанні апраўданыя.

No comments:

Post a Comment