Monday, January 5, 2015

Кіно ў 2014-м. Суб'ектыўны погляд

У падсумаваньні вынікаў за год галоўнае не складаньне сьпісаў і нумарацыя, а спроба стварыць вобраз мінулага, захаваць яго сьляды. Мы звыклі структураваць уласныя ўспаміны паводле законаў клясычнага наратыву (пачатак, кульмінацыі, канец), таму ці не цікавей узгадаць не пражыты год зь яго "падзеямі", які мы ў працэсе ўзгадваньня ператворым у фільм уласнага жыцьця, але год, як ён быў убачаны ў кіно.

Лепшыя новыя фільмы:

Adieu au langage / Бывай, мова (2014) рэж. Жан-Люк Гадар
Дзядуля Гадар чарговы раз зьняў сьмелы малады фільм у той час, як большасьць маладых рэжысэраў здымае кіно, што просіцца ў труну яшчэ на мантажным стале. Пра яго цудоўна напісалі Дэвід Бордвэл і Аляксей Цюцькін. Ну а я дагэтуль рады, што здолеў паглядзець яго ў кінатэатры.
Snowpiercer / Скрозь сьнег (2013) рэж. Пон Чжун Хо
Палітычна амбівалентная антыўтопія ад выдатнага карэйскага рэжысэра, у якога няма дрэнных ці шараговых фільмаў. У другаплянавай ролі Цільда Суінтан з зубнымі пратэзамі, але лепшае тут - вострая сатыра на адукацыю.
La jalousie / Рэўнасьць (2013) рэж. Філіп Гарэль
Бо Гарэль стаў прасьцей і графічней, але ня стаў горш.
Boyhood / Хлапецтва (2014) рэж. Рычард Лінклэйтэр
Ня раю давярыць тым, хто называе "Хлапецтва" самым перахваленым фільмам году. Фільм здымалі ажно 12 год, і акрамя таго, што гэтая фраза ўражвальна выглядае на постэры, менавіта дзякуючы такой працягласьці праект пазьбегнуў цэлага шэрагу клішэ, уласьцівых фільмам пра сталеньне. Я трошкі пісаў пра другі выдатны падлеткавы фільм - "Пала Альта", цягам году выходзілі таксама іншыя незвычайныя фільмы гэтай тэматыкі, але менавіта фільм Лінклэйтэра - кароль жанру. Зрэшты, ня верце мне таксама, і паглядзіце фільм самі.
Kis uykusu / Зімовая сьпячка (2014) рэж. Нуры Більге Джэйлан
Ужо постэр фільму адсылае да рускай літаратуры, бо амаль капіруе ілюстрацыю Ільлі Глазунова да "Нетачкі Нязванавай" Дастаеўскага (праўда, падчас прагляду значна часьцей узгадваўся Чэхаў). Фінал спрэчны і часткова суцішыў маё захапленьне, але нельга абмінуць увагай стужку, дзе болей як тры гадзіны пэрсанажы толькі і робяць, што размаўляюць, і пры гэтым за імі цікава назіраць.
The Guest / Госьць (2014) рэж. Адам Вінгард
Малабюджэтны баявік, што па ўсіх парамэтрах лепш за сваіх галівудзкіх канкурэнтаў. "Драйв" мог бы быць менавіта такім, калі б Рофн больш любіў жанравае кіно і меньш намагаўся выбрацца за яго межы ў прастору сучаснага міту. Зрэшты, Рофн зрабіў сваю справу, а Вінгард сваю, і гэта выдатна.
Glistening Thrills / Зіхатлівыя трымценьні (2013, к/м) рэж. Джодзі Мэк
Самае запамінальнае экспэрымэнтальнае кіно, што я паглядзеў. Джодзі Мэк нагадвае Брэкіджа, але ў адрозьненьне ад яго больш цікавіцца фактурамі. Да таго ж, ня так часта авангард бывае настолькі пяшчотным ды эмацыйным. У Джодзі ёсьць свой сайт, рэкамэндую.
Вецер мацнее / Kaze Tachinu (2014) рэж. Хаяо Міядзакі
Застаецца толькі зьдзіўляцца, што ў некаторых крытыкаў настолькі парушаная сувязь з рэальнасьцю, што гэты гуманістычны мультфільм яны назвалі фашыстоўскім.
Kaguya-hime no Monogatari / Паданьне пра прынцэсу Кагуя (2013) рэж. Ісао Такахата
Яшчэ адзін мультфільм ад студыі GHIBLI, пра які пісалі шмат меньш, хоць ён таго і заслугоўвае. Усё-ткі, не адным Міядзакі жывыя.
Life Itself / Само жыцьцё (2014) рэж. Стыў Джэймс
Скажу адразу, гэта не зусім адзін зь лепшых фільмаў году, але калі яшчэ давядзецца паглядзець гісторыю чалавека, што вядомы амаль выключна як кінакрытык? Я не любіў яго рэцэнзіі, але Роджэр Ібэрт быў самым уплывовым амэрыканскім кінакрытыкам. Калі ён напісаў аўтабіяграфію, яна стала бэст-сэльлерам, што само па сабе выключна, і гэты фільм, заснаваны на ёй, таксама варты ўвагі. Эпіграфам абраная фраза самога Ібэрта: "Я нарадзіўся ўсярэдзіне фільму свайго жыцьця. Я ня памятаю, як я апынуўся ў гэтым фільме, але ён працягвае забаўляць мяне."
Edge of Tomorrow / Грань будучыні (2014) рэж. Даг Лайман
Gone Girl / Зьніклая (2014) рэж. Дэвід Фінчэр
Два добрых фільмы, што былі ў шырокім пракаце. Пісалі, што па папярэдніх падліках у 2014-м у ЗША было прададзена 1,26 млрд квіткоў  у кіно, а гэта горшы паказчык з 1995 году. Наогул, кінабізнэс перажывае ня лепшыя часы, а пракат выглядае ўсё аднастайней. Лепшыя фільмы здымаюцца па-за вялікімі студыямі  і распазсюджваюцца празь інтэрнэт, але пакуль што зрэдку Галівуд яшчэ здольны парадаваць. Праўда, фільмы Фінчэра і Лаймана падзяляюць агульны недахоп вялікабюджэтнага кіно - яны празьмерна імкнуцца быць камфортнымі і спадабацца гледачу.
Трудно быть Богом / Цяжка быць Богам (2013) рэж. Аляксей Герман
Я лічу гэты фільм эстэтычна дасканалым і этычна непрыймальным. Тых, хто перакананы, што лайно ня мае ніякага дачыненьня да эстэтыкі, перанакіроўваю да шматлікіх дасьледаваньняў па эстэтыцы агіднага (хаця б да гэтай кніжкі пад рэдакцыяй Умбэрта Эка), а вось з этыкай усё шмат складаней. Я доўга хацеў праігнараваць яго, і не пачаў ставіцца лепш, але дадаю менавіта за тое, што Герман нагадаў, што этыка і палітыка ўсё яшчэ не чужыя мастацтву. Пазьней украінскі Майдан паставіў перад дакумэнталістамі яшчэ больш складаныя задачы, і зараз можна сур'ёзна казаць пра вяртаньне этычнага вымярэньня ў кінематограф. Можна зноў перачытваць архівы Cineticle, напрыклад.

Канешне, я паглядзеў і процьму беларускіх фільмаў. Лепшы новы - "Шамбала" (2013, к/м) Галіны Адамовіч. На жаль, яго не знайсьці ў сеціве ці ў кінатэатрах, так што тым, хто не схадзіў у Музэй кіно, давядзецца паверыць мне на слова. Тэма балотаў ужо ня раз станавілася прадметам мастацкага дасьледаваньня на Беларусі, чаго варты толькі эпас Мележа і яго экранізацыі. Акрамя стужкі Адамовіч, у дакумэнтальным кіно гэта яшчэ відавы "Зачараваныя балоты" Ігара Бышнёва і сёлетні публіцыстычны "Подых балот" Ігара Чышчэні. Парадавалі нечакана прыстойны працяг "Белых росаў" Аляксандры Бутар і трэшовы, але забаўны "Кіндэр-Вілейскі прывід" Алены Туравай (у адрозьненьне ад ранейшага вельмі няўдалага "Рыжыка ў Залюстэр'і", у апошнім фільме яна ўсё-ткі неяк спрабуе абапірацца на тутэйшыя рэаліі). Падчас "Лістападу" мяне найбольш уразіла паэтычная замалёўка Віктара Асьлюка "Дождж". Узгадваюцца "Стораж" Віктара Красоўскага, "Баба, Ваня і каза" Дар'і Юркевіч, "Страчаная песьня" Ігара Чышчэні, і некаторыя рэчы, што я ўжо бачыў раней на Cinema Perpetuum Mobile. Наогул, радуе, што нешта ў нас варушыцца. Вось і выходзіць, што пакуль кінакрытыкі разважаюць, ці патрэбны і ці магчымы наогул нацыянальны кінематограф (Спорим: Нужно ли Беларуси национальное киноОт трэш-официоза к постнациональному посткино), гледачы недаверліва, але хутка разьбіраюць квіткі на фільмы кшталту "Бабруйск-Дакар" і "Зло", і гэта добра. Бо што слухаць адукаваных людзей, калі яны з безапэлятыўнай пэўнасьцю могуць сказаць штосьці настолькі дзіка некампэтэнтнае: "Мой ответ будет очень лаконичен: [нацыянальнае кіно] не нужно, в том числе потому, что: 1) «национальное» кино — это культурная и экономическая фикция, особенно в эпоху глобализации и ТНК; 2) потому что собственной (не советской) традиции кино в Беларуси не было, и опереться тут не на что (Беларусь никогда не «знала» своего, национального кинематографа); 3) потому что сегодня, особенно в постсоветских странах, мыслить в категориях «национального» — это и архаизм и консервативно-идеологическая ловушка."

З расчараваньняў узгадаю толькі адзін фільм - гэта "Німфаманка" Ларса фон Трыера. Вельмі добрая першая частка, дзе Трыер забаўляецца сам і не забываецца забаўляць гледача, зьмяняецца лягічнай, але нібы змушанай другой часткай, дзе рэжысэр чамусьці вырашае прывесьці ўсе падзеі да аднаго назоўніка, і гэта папросту катастрофа.

Дадатак 1. Восем фільмаў, што я хацеў паглядзець, але якія з розных прычынаў так і ня ўбачыў:

A Girl Walks Home Alone at Night / Дзяўчына ідзе дахаты адна (2014) рэж. Ана Лілі Амірпур
Cavalo Dinheiro / Конь грошай (2014) рэж. Пэдру Кошта
Dialogue d'ombres / Дыялёг ценяў (2014) рэж. Жан-Мары Штраўб
Mr. Turner / Містэр Цёрнер (2014) рэж. Майк Лі
National Gallery / Нацыянальная галерэя (2014) рэж. Фрэдэрык Ўайзман
P'tit Quinquin / Малы Кенкен (2014) рэж. Бруно Дзюмон
Saint Laurent / Сэн-Ларан (2014) рэж. Бэртран Банэла
The Look of Silence / Погляд моўкнасьці (2014) рэж. Джошуа Апэнгаймэр

Дадатак 2. Пяць старых выдатых фільмаў, што я паглядзеў толькі сёлета:

A Ultima Vez Que Vi Macau / Апошні раз, што я бачыў Макао (2012) рэж. Жуан Пэдру Радрыгіш, Джоао Руй Гуэра
Kabhi Khushi Kabhie Gham... / І ў смутку, і ў радасьці... (2001) рэж. Каран Джахар
Maicling pelicula nang ysang Indio Nacional / Кароткі фільм пра Філіпіны (2005) рэж. Рая Марцін
Out of the Past / Зь мінулага (1947) рэж. Жак Турньер
Мой друг Иван Лапшин / Мой сябар Іван Лапшын (1984) рэж. Аляксей Герман

Дадатак 3. Чатыры кнігі пра кіно:

Михаил Ямпольский. Пространственная история. Три текста об истории (2013).
John F. Kasson. The Little Girl Who Fought the Great Depression (2014).
А. И. Локотко, А. В. Красинский, А. А. Карпилова. Экран и культурное наследие Беларуси (2011).
А. Красинский, О. Нечай, А. Карпилова, О. Медведева, Г. Шур, Е. Голикова-Пошка. Беларусы. Т. 13: Экраннае мастацтва (2009).

No comments:

Post a Comment