Казаць пра тое, што рэальнасць стала відовішчам – нечуваны правінцыялізм. Ён універсалізуе глядацкія звычкі невялікай часткі адукаванага насельніцтва, што жыве ў багатай частцы свету, дзе навіны ператварыліся ў забаву – гэты сталы стыль глядзення, што ёсць найважнейшым здабыткам «сучаснасці»... [...] Такая пазіцыя не па-сур'ёзнаму і не наўпрост, але падштурхоўвае да думкі, што ў свеце няма сапраўдных пакутаў. Але ж абсурдна атаясамліваць свет з багатымі краінамі, дзе людзі маюць сумніўную прывілею быць гледачамі болю іншых.
(Сьюзан Сонтаг, Назіраючы за болем іншых, 2003)
Біяграфічная
даведка: Рыці Панх (Rithy Panh, н. 18 красавіка 1964) –
камбаджыйска-французскі рэжысёр. Нарадзіўся ў сям'і школьнага настаўніка. У 1975
годзе, калі чырвоныя кхмеры захапілі
Пнампень, сям'я Рыці Панха, разам з амаль
усім насельніцтвам гораду, была выселеная
ў працоўны лагер, дзе яны адзін за адным
паміралі ад голаду і знясілення. Пасля
смерці ўсіх сваякоў сам будучы рэжысёр уцёк ў Тайланд (у 1979 годзе). Там ён пэўны
час жыў у лагеры бежанцаў, а пасля здолеў з'ехаць у Францыю, дзе пачаў вучыцца на цесляра, але зацікавіўся кінематографам. І дакументальныя, і мастацкія
фільмы* Рыці Панха звычайна так ці інакш закранаюць
тэму жыцця ў Камбоджы пад уладай чырвоных кхмераў**. (Мне не было наканавана стаць рэжысёрам, гэта не быў для мяне відавочны выбар. Вырашальнай для мяне стала задача вярнуць годнасць і чалавечнасць памерлым, людзям, якіх я згубіў у Камбоджы.)
1-е набліжэнне:
Фатаграфія, кінастужка перадаюць рэчаіснасць як яна ёсць. Калі Рыці Панх вырашае зняць аўтабіяграфічны фільм, ён сутыкаецца з праблемай – поўнай адсутнасцю сямейнай відэахронікі, фотаальбомаў. Ідэалогія кхмерскіх рэвалюцыянераў заключалася ў адмысловым спалучэнні ідэй Русо і Маркса, і «сапсаваныя» жыхары гарадоў (пераважна буйная і дробная буржуазія, інтэлігенцыя), а таксама манахі-будысты мусілі быць пазбаўленыя ўсёй маёмасці і выселеныя для сельскагаспадарчых працаў (18-20 гадзінаў у дзень). З усёй маёмасці яны захоўвалі адно толькі лыжку. Натуральна, зусім не натхняльныя карціны рэальнага жыцця выселеных людзей не фіксавалася на стужку, не магло існаваць і хатняга відэа (Я шукаю дзяцінства як згубленую фатаграфію... Высяленне з Пнампеня – адсутная выява... Мы – адсутная выява...). Калі Рыці Панх звяртаўся да дакументальнага кіно раней, ён ствараў стужкі, дзе сведкі падзей мінулага дзяліліся сваімі ўспамінамі і часам спрабавалі разыграць сцэны з мінулага (падобны падыход выкарыстоўвае, напрыклад, Джошуа Апенхаймер у нядаўнім «Акце забойства» (The Act of Killing, 2012), прысвечаным іншаму генацыду, у Інданэзіі 60-х). У выпадку ўласнай гісторыі такі падыход не пасаваў. Адсюль назва фільму – Адсутная выява (L'image manquante, 2013). Рыці Панх вырашае здымаць не людзей (бо з сям'і застаўся жывы толькі ён), а гліняныя фігуркі (ён сам, маці, бацька, уся сям'я, іншыя вязні лагеру і іх вартаўнікі). Выява «адсутная» яшчэ і таму, што падзеі гэтай і многіх іншых вусцішных падзей адносна нядаўняй гісторыі адсутнічаюць у масавай свядомасці, і нават у самой Камбоджы людзі пачынаюць забываць мінулае.