Sunday, March 8, 2015

Караліна Леджун: «Кінематограф мусіць альбо пачаць падабацца жанчынам, альбо знікнуць зусім.»

«Кінематограф мусіць альбо пачаць падабацца жанчынам, альбо знікнуць зусім», – безапеляцыйна пісала ў 1924 годзе Караліна Леджун. У тыя часы жанчыны наведвалі кінатэатры часцей за мужчын, і тым не меньш амаль не ўдзельнічалі ані ў стварэнні фільмаў, ані ў крытычнай рэфлексіі. «Гэтыя жанчыны не дурнічкі, яны не лянуюцца мець уласнае меркаванне», – пісала кінакрытык у абурэнні кінаіндустрыяй, няздольнай паказаць маці і хатнім гаспадыням тое, што яны жадалі бачыць у кіно. «[Яны] першыя заўважаюць няроўнасці, непрафесійнасць, хібы аўтарскай задумы, яны не маюць ілюзіяў наконт сваіх сяброў з экрану, наконт іх якасці.» Яшчэ Леджун пісала, што жанчыны заўсёды будуць складаць большую частку аўдыторыі, але хоць гэтае прадказанне і не спраўдзілася, назіраць поўнай роўнасці ўся яшчэ не даводзіцца. Нядаўнія хіты «Галодныя гульні» і «50 адценняў шэрага» даводзяць, што жанчыны па-ранейшаму могуць зрабіць фільму касу, але жанчын-рэжысёраў застаецца няшмат, гэтак жа як і жанчын-кінакрытыкаў. Многія назавуць Сьюзен Зонтаг і Палін Кейл, але на гэтым спыняцца, сама Леджун таксама амаль забытая. Караліна Леджун (C. A. Lejeune, Caroline Lejeune, Mrs. Edward Roffe Thompson, 1897 - 1973) – адна з піянераў кінакрытыкі, яна пісала штотыднёвую калонку для the Guardian з 1922 да 1928, а потым для the Observer да 1960. Яе любімым рэжысёрам быў Хічкок, яе раздражнялі гвалт і грубы гумар; яна цаніла пачуццёвасць і дасціпнасць. Кінакрытыкі і рэжысёры часта абвінавачвалі яе ў снабізме, падазравалі, што нашмат больш за кіно яна любіла оперу. З другога боку, калі ў 1934 годзе яна ўзважвала плюсы і мінусы камедыі Фрэнка Капры і дакументальнага фільму Роберта Флаэрці, дык аддала перавагу «гісторыі», а не «водарасцям», то бок маскульту, а не «мастацтву». Нездольнасць ацаніць немэйнстымавыя творчыя пошукі – яшчэ адзін закід, які ёй часта рабілі. І ўсё ж варта памятаць: Леджун любіла казаць, што яна і кіно нарадзіліся амаль у адзін час, і калі яна пачынала пісаць пра кіно, амаль ніхто наогул не лічыў гэтую новую забаву мастацтвам. «Калі яна пачынала сваю кар'еру, фільмы лічыліся нізкапробнай забавай. Цяпер мы ўсе ведаем, што яны могуць быць праўдзівай асалодай для інтэлектуала. Караліна Леджун была нязменна дасціпнай, але не высакалобай, і зрабіла больш за многіх іншых, каб наблізіць гэты момант.»

У сваёй біяграфіі «Дзякую, што былі са мной» Леджун пісала, што вырашыла стаць кінакрытыкам падчас прагляду «Знаку Зора» (1920):
«Раптам, калі я назірала за арлекінаўскімі шткарствамі і захапляльнымі піруэтамі Фэербэнкса, у мяне з'явілася выдатная ідэя. Чаму не зрабіць так, каб асалода прыносіла прыбытак, чаму не зарабляць, гледзячы фільмы? Прафесія кінакрытыка як такая яшчэ не існавала... Дадатковым стрымліваючым фактарам было, што жанчын-журналістаў мала хто ўспрымаў усур'ёз.»

Ужо тады Караліна Леджун заўважыла некаторыя важныя тэндэнцыі. У жніўні 1924 яна пісала:
«...фільм сёння – найменьш важная частка звыш-кінематаграфічнага комплексу... Дзяўчаты, што раздаюць праграмкі і білецёры апранутыя ў адмысловыя касцюмы, паштоўкі з кадрамі, песні з фільмаў і кнігі, па якіх яны былі знятыя, сувеніры... Я бачыла малпу... сокала ў капюшоне... белыя ружы... чырвоныя ружы... прылавак з насоўкамі, каб выціраць слёзы падчас сеансу...»

Леджун лічыла, што брытанскі кінакрытык займае выгодную пазіцыю, каб цвяроза ацэньваць і галівудскую прадукцыю (якую некаторыя іншыя лічылі не вартай увагі з-за яе камерцыйнасці), і еўрапейскую (якую прынята было лічыць «мастацтвам»). Што да брытанскага кіно, тут яе пачуцці былі змяшанымі. Караліна Леджун заўсёды крытычна ўспрымала празмерны гоман, які шторазу падымаўся падчас кампаній кшталту брытанскіх кінатыдняў у 1924-ым:
«Шкода, якую прынеслі сабе брытанскія студыі праз тое, што захвальвалі дрэнныя, непрафесійныя стужкі, не можа быць пераацэненая. У імя патрыятызму яны падманулі гледачэй у выпадку з такой колькасцю пасрэдных брытанскіх фільмаў, што нешматлікія добрыя цяпер таксама ўспрымаюцца скептычна... Справядліва было б сказаць, што большасць недахопаў нашага кіно негатыўная: яно не мае ані абыякавай тэхнічнаці італьянцаў, ані няспеласці рускіх, ані неспатольнасці французаў, ані цяжкаватасці немцаў, ані вульгарнасці амерыканцаў. Па сутнасці, брытанскае кіно не мае нічога: ні характару, ні мужнасці, ні камерцыйнага поспеху, ні ўмення, ні мастацкага пачуцця.»
Леджун была перакананая, што новыя фільмы мусяць ацэньвацца ў параўнанні з ранейшымі, за аглядкай на здабыткі сусветнага кінематографу, але ўсё радзей сустракала такія фільмы, што адпавядалі б яе эстэтычным крытэрам. Невыпадкова часам Караліну Леджун памятаюць толькі за адмоўную рэцэнзію на «Псіха» (1960) Хічкока. Вось гэтая рэцэнзія:

«Псіха»


Новы фільм Альфрэда Хічкока – гэта ўсялякі раз рэдкая асалода. Але «Псіха» аказаўся выключэннем. Гісторыя, заснаваная на рамане Роберта Блоха, распавядае пра нешчаслівы лёс Мэрыан (Джэнет Лі), нястрымнай сакратаркі, што выкрадае $40,000 у свайго боса і з'язджае ў ноч, каб сустрэць свайго каханка (Джон Гэвін). У навальніцу яна прыязджае ў злавесны матэль, якім кіруе звар'яцелы таксідэрміст (Энтані Перкінс), чыя яшчэ больш утрапёная маці жыве ў сядзібе паблізу.
Далей адбываецца адно з самых агідных забойстваў ва ўсёй гісторыі кінематографу. Яно адбываецца ў ваннай і не абыходзіцца без адмывання кафлі і неаднаразовага змывання ўнітазу. Не будзе перабольшваннем сказаць, што ад гэтай сцэны хочацца ванітаваць.
«Псіха» не даўгі фільм, але ён здаецца даўгім. Магчыма з-за таго, што рэжысёр так марудзіць на тэхнічных эфектах; магчыма таму, што складана, калі наогул магчыма, суперажываць каму-кольвечы з персанажаў.
Дурацкая атмасфера таямнічасці, прадвесця чагосці звышнатуральнага, што ахіналі прэзентацыю «Псіха» здаюцца мне жахлівай памылкай. «Менеджару кінатэатра пад пагрозай смерці забаронена прапускаць людзей у будынак кінатэатра пасля пачатку фільма.» «Дарэчы, не выдавайце канцоўкі пасля прагляду «Псіха»». Падпісана Альфрэдам Хічкокам.
Я не змагла б выдаць фінал, нават калі б захацела, з тае простае прычыны, што мне было так брыдка глядзець, я так стамілася ад ўсёй гэтай трасцы, што не засталася, каб даглядзець фільм. Вашыя загады могуць забараніць мне ўвайсці ў кінатэатр, мой даражэнькі Хічкок, але хоць забіце, не прымусяць мяне там застацца.
У той самы год, калі яе раcчараваў Хічкок, Караліна Леджун сыйшла з кінакрытыкі. Напярэдадні Калядаў, у 1960-ым. (Звесткі пра яе я браў адсюль і адсюль, а арыгінал рэцэнзіі на «Псіха» размешчаны тут. Шчыра раю пачытаць іншыя рэцэнзіі таксама.) 

Дарэчы, на цяперашні дзень сітуацыя ў кінабізнэсе не так ужо моцна змянілася: 75% здымачных камандаў – мужчыны, сярод кінакрытыкаў іх таксама нашмат больш (на rotten tomatoes жанчыны пішуць дзесці 15% рэцэнзій).
Таму паспрабую ўзгадаць рэсурсы, дзе можна пачытаць жаночую (не абавязкова фемінісцкую) кінакрытыку:
auteuse theory: a blog on women's cinema (reviews of films made by women, from the 1890s through to the present day),
Верагодна, буду час-почас дадаваць што-небудзь да спісу, таму буду ўдзячны за парады. 

No comments:

Post a Comment