Перш-наперш – няма нічога дрэннага ў дылетанцкай (кіна-)крытыцы. Інтэрнэт даўно размыў мяжу паміж
прафэсійнай і непрафэсійнай крытыкай, і гэтае разбурэньне гіерархіі зусім не
азначае нашэсьця барбараў: вельмі часта найбольш цікавыя артыкулы напісаныя
менавіта энтузіястамі. Больш за тое, многія (насамрэч, большая частка) выдатных
тэарэтыкаў кінематографу давіртуальнага часу таксама не былі прафэсійнымі кінакрытыкамі (Жыль Дэлёз,
Крысьціан Мэц ды іншыя). Але дылетанцтва хавае за сабой і небясьпеку – тую, што сумбурнае меркаваньне,
вартае выказваньня хіба толькі на кухні ці на асабістай старонцы ў сацыяльнай
сетцы, пазыцыянуецца аўтарам як "кінакрытыка" ў лепшым выпадку і абсалютная ісьціна ў горшым.
Штуршком для
выказваньня гэтых думак стаў артыкул артыкул Віктара Марціновіча пра “Гульню тронаў” . Артыкул сам па сабе ня тое, каб зусім дрэнны, але вельмі
характэрны якраз у сьвятле праблемы дылетанцтва. Першы сымптом дрэннай
дылетанцкай крытыкі – ужываньне шаблёнаў, але яго спадар Марціновіч амаль
пазьбягае, таму я пачну з другой прыкметы – гэта жарганізмы. Калі чытаеш “Правілы
гульні”, амаль у самым пачатку кідаецца ў вочы такая фраза: “Можна па-рознаму ставіцца да мастацкіх вартасьцяў “Гульні”, аднак трэба добра ўсьведамляць, што гэта той самы “мэйджар”, які цяпер канкрэтна фармуе культурныя дамінанты чалавечай цывілізацыі.” Позірк спатыкаецца ўжо на недарэчным англіцызьме “мэйджар”, але чытача чакае яшчэ і блатное “канкрэтна”, што трапляецца ў тэксьце і далей. Але ж жаргон ня толькі муляе вока, выкарыстаньне шаблёнаў і жаргону дэманструе адсутнасьць звычкі да ўласна мысьленьня і гатоўнасьць зрабіць свой тэкст рупарам сацыяльнага несьвядомага, з усімі яго забабонамі. Далей стылістыка артыкулу застаецца нязьменнай, таму аналізаваць яго ў дэталях не выглядае неабходным.
Гатоўнасьць прамаўляць сацыяльнае несьвядомае азначае і адсутнасьць аргумэнтаванасьці развагаў. Напрыклад, у працытаваным вышэй сказе як зразумелая ўсім a priori прапануецца тэза пра неверагоднай значнасьці ўплыў “Гульні тронаў” (маўляў, яна фармуе культурныя дамінанты чалавечай цывілізацыі), але ж калі хоць на момант спыніцца на гэтым сьцьверджаньні, стане зразумела, што яно папросту высмактанае з пальца. Далей Марціновіч піша пра парушэньне аўтарамі сэрыялу сцэнарных табу. Гэта часткова слушна, але ён абірае ігнараваць, што насамрэч сэжэт сэрыялу разьвіваецца па іншых ад тых, што
ўласьцівыя фільму ці раману, канонах (яскравы прыклад – існаваньне сэрыялаў,
дзе сэзоны аніяк сюжэтна не зьвязаныя, як “Амэрыканская гісторыя
жахаў”). Пасьля “разбору” сцэнарнага наватарства аўтар пачынае захапляцца непаліткарэктнасьцю сэрыяла: “Тут крыўдзяць жанчын! Тут называюць варвараў
варварамі! Тут не баяцца браць у слугі ці прастытуткі актрыс з цёмнай
скурай!” Насамрэч, стандарты паліткарэктнасьці не прывялі да стварэньня
культурнага табу, што мусіць дзенічаць на ўзроўні несьвядомага. За куфлем піва
ў свойскай кампаніі шараговы амэрыканец па-ранейшаму назаве негра нігерам і
будзе крычэць жонцы, каб тая прынесла яму ды сябрам яшчэ некалькі халодных бутэлек.
Таму мае сэнс казаць не пра ігнараваньне табу, а пра эксплюатацыю
дыскрэдытаваных, але ўсё яшчэ дзейсных стэрэатыпаў. Наўрад ці ў гэтай сытуацыі ёсьць нешта вартае ўхваленьня. Зрэшты, артыкул складаецца амаль выключна з гэткіх самых недакладнасьцяў, аднаўленьня старых стэрэатыпных меркаваньняў ды спробы стварэньня новых, як калі спадар Марціновіч вырашае, што кнігі Стывэна Кінга карыстаюцца папулярнасьцю з-за таго, што людзі любяць чытаць пра зомбі, а Ле Гуін, аказваецца, цэняць у першую чаргу за драконаў, а не за далікатна пададзеныя як фэнтэзі гісторыі пра барацьбу цёмнага і сьветлага пачатку ў душы чалавека. Але Віктар Марціновіч любіць спрашчаць і, перасыпаючы сказы жарганізмамі, робіць гэта цягам усяго артыкулу. Адзінае, для чаго варта прачытаць “Правілы гульні” - гэта пераказ рэцэнзіі Чарлі Андэрса, якім спадару Марціновічу лепш было б і пачаць, і скончыць уласны артыкул.
Адным словам, тэкст Віктара Марціновіча ўсё-ткі дрэнны, але гэта ўсё-ткі не азначае, што нешта ня так з самой ідэяй дылетанцкай крытыкі. Дылетант гатовы пісаць тады, калі мае ў гэтым патрэбу, і заўсёды гатовы адказаць на пытаньні і крытыку чытача. Дылетант не абмежаваны грашыма, што яму плоцяць за колькасьць літараў і тэксты пра канкрэтных аўтараў, і можа пісаць менавіта пра тое, што яму блізка. Дылетанцтва - гэта свабода выбару ў сьвеце, дзе кожны дылетант і болей немагчымае існаваньне ўнівэрсальнай адукаванасьці. Зрэшты, на гэтую тэму ўжо вельмі шмат і добра разважалі ў час, калі бум інтэрнэт-крытыкі пакінуў бяз працы многіх журналістаў, а пішу гэтыя радкі для таго, каб ніколі, не дай божа, не пачаць пісаць падобныя артыкулы самому.
No comments:
Post a Comment