15-18 красавіка ў Магілёве прайшоў фэстываль Cinema Perpetuum Mobile 2014.
Магілёўскі "Кінафідэапракат" добразычліва ставіцца да фэстывалю, таму ўжо другі год фільмы паказваюцца чатыры дні, ў чым Магілёў, здаецца, саступае толькі Мінску.
Па маім уражаньні, фэстываль прайшоў пры наяўнасьці інтарэса гледачоў, ды й фільмы не павінны былі нікога расчараваць. Але пасьля не засталось ані крытыкі, ані станоўчых водгукаў (інфармацыйныя паведамленьні на мясцовых тэлеканалах і ў сацыяльных сетках - гэта ўсё-ткі іншае), гэтак жа ці амаль гэтак жа ціха адбылась гэтая падзея ў Магілёве летась.
У такой сытуацыі ёсьць пэўныя аб'ектыўныя прычыны, але ж пэўна тое, што нельга казаць пра існаваньне беларускай кінематаграфічнай супольнасьці, пакуль падобныя падзеі не пачнуць абмяркоўвацца. Прычым, павінны абмяркоўвацца ня толькі падзеі (усё-ткі сам фэстываль адбываецца ўжо трэці год), але і паказаныя фільмы. Калісьці ў Францыі частка кінакрытыкаў пачала здымаць фільмы - і атрымалася La Nouvelle Vague, магчыма, калі частка беларусаў пачне сыстэматычна пісаць пра кіно і пры гэтым цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, - мы ўбачым беларускае кіно такім, якім яно ёсьць. Убачым, што абмеркаваць можна значна больш, чым зьяўляюцца ці не зьяўляюцца беларускімі фільмы "Жыве Беларусь!" Кшыштафа Лукашэвіча і "Роля" Канстанціна Лапушанскага.
Спадзяюсь, што так і будзе, і дзякую ўсім, хто працаваў над гэтым фэстывалем, і тым, хто прыходзіў глядзець кіно.
No comments:
Post a Comment